Белорусский портал в Казахстане

G7 вітае мінскія дамоўленасці і заклікае Расію вывесці войскі з Украіны



Краіны "Вялікай сямёркі" (G7) "па-ранейшаму глыбока занепакоены" сітуацыяй на ўсходзе Украіны.

Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў замежных спраў Канады, Францыі, Германіі, Італіі, Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША і вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, прынятай 25 верасня ў Нью-Ёрку. 

"Мы вітаем мінскія дамоўленасці ад 5 і 19 верасня як важны крок для ўстойлівага ўзаемна ўзгодненага перамір`я, бяспечнай расійска-ўкраінскай мяжы і вяртання міру і стабільнасці ва ўсходнюю Украіну з устанаўленнем зоны "спецыяльнага статусу" (для некаторых раёнаў Данбаса. — БелаПАН.). Мы асуджаем працяг парушэння пагаднення аб спыненні агню", — гаворыцца ў заяве, тэкст якой размешчаны на сайце МЗС Германіі.

У дакуменце падкрэсліваецца, што дамоўленасці аб спыненні агню даюць важную магчымасць прыйсці да доўгачасовага палітычнага вырашэння канфлікту з поўнай павагай да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. "Расія павінна неадкладна выканаць свае абавязацельствы па мінскім пагадненні, у тым ліку шляхам вываду ўсіх сваіх войскаў, зброі і абсталявання з Украіны; засцерагчы ад небяспекі і паважаць міжнародную мяжу паміж дзвюма краінамі з кантролем АБСЕ; садзейнічаць таму, каб усе заложнікі былі вызваленыя", — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі G7 таксама ў чарговы раз заявілі, што асуджаюць незаконную анексію Расіяй Крыма.

У заяве падкрэсліваецца: уведзеныя супраць Расіі санкцыі могуць быць знятыя ў выпадку поўнага выканання РФ мінскіх дамоўленасцей. "Санкцыі не з`яўляюцца самамэтай, яны могуць быць адменены, толькі калі Расія выканае свае абавязацельствы па спыненні агню і выкананні мінскіх пагадненняў і будзе паважаць суверэнітэт Украіны. У выпадку супрацьлеглых дзеянняў мы па-ранейшаму гатовы да далейшага павелічэння цаны для Расіі за невыкананне (дамоўленасцей. — БелаПАН.)", — гаворыцца ў дакуменце. 

Прадстаўнікі G7 таксама віталі ратыфікацыю пагаднення аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю Украіны з Еўрасаюзам, якую 16 верасня адначасова ўхвалілі Вярхоўная рада і Еўрапарламент.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 верасня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/853/27621
Текущая дата: 19.11.2024