Белорусский портал в Казахстане

Пан Гі Мун высока ацаніў ролю Беларусі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне



Аб гэтым, як паведаміла прэс-служба беларускага ўрада, генеральны сакратар ААН заявіў на сустрэчы 21 верасня з прэм`ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам.

"Адзначаю разумную палітыку прэзідэнта Беларусі ў дачыненні да сітуацыі ва Украіне. Спыненне агню адбылося дзякуючы пагадненню, падпісанаму ў Мінску. Вашы адносіны і з Украінай, і з Расіяй ставяць Беларусь у вельмі добрае становішча. Спадзяюся, што адкрыты дыялог будзе садзейнічаць паляпшэнню сітуацыі", — сказаў генеральны сакратар ААН.

У сваю чаргу Мясніковіч падкрэсліў ролю ААН ва ўрэгуляванні канфліктаў, што "пацвярджаюць апошнія падзеі". "У нас з Украінай вельмі цесныя адносіны. Не толькі кіраўніцтва Беларусі, але і простыя людзі заклапочаны сітуацыяй і аказваюць пасільную дапамогу", — адзначыў прэм`ер-міністр. Паводле яго слоў, у Беларусі, у прыватнасці, аказваецца падтрымка ўкраінцам, якія пераехалі з-за канфлікту, як у пытанні выдзялення жылля, так і ўладкавання на працу.

Прэм`ер-міністр падкрэсліў, што "дзякуючы шчыраму дыялогу, які адбыўся ў Мінску, удалося пераламаць сітуацыю і накіраваць яе ў мірнае рэчышча, згортваюцца актыўныя ваенныя дзеянні". "Беларускі бок ініцыятыўна ўдзельнічае ў абмеркаванні пытання аб выхадзе з крызісу. Мы рады, што да нашага голасу прыслухоўваюцца бакі канфлікту. У нас ёсць упэўненасць, што канфлікт будзе пагашаны ў найбліжэйшы час, пік ужо пройдзены. Дыялог ідзе, людзі сталі чуць адзін аднаго, пачынаецца збліжэнне пазіцый", — лічыць Мясніковіч.

У ходзе сустрэчы таксама адзначана паспяховая рэалізацыя рамачнай праграмы садзеяння развіццю на 2011—2015 гады. Прэм`ер-міністр прапанаваў разгледзець у межах новай праграмы магчымасць прыцягнення ў Беларусь перадавых экспертаў у галіне эканомікі і сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Мясніковіч таксама заявіў аб важнасці таго, каб ААН захавала садзеянне праграмам развіцця ў дзяржавах з сярэднім узроўнем даходу, адной з якіх з`яўляецца Беларусь.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 22 верасня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/854/27542
Текущая дата: 19.11.2024