Белорусский портал в Казахстане

Расея прызнала наяўнасьць войскаў на мяжы з Украінай



Расейскія ўлады прызналі, што на мяжы з Украінай дысьлякаваныя войскі міністэрства абароны. Па словах Дзьмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі, Масква мае права прымаць захады засьцярогі, каб забясьпечыць сваю бясьпеку.

У апошнія тыдні заходнія палітыкі і СМІ неаднаразова паведамлялі са спасылкай на дадзеныя выведкі, што паблізу ўкраінскай мяжы знаходзяцца каля 40 тысяч расейскіх вайскоўцаў, гатовых да ўварваньня. Расейскі бок некалькі разоў спрабаваў абвергнуць гэтыя дадзеныя.

19 красавіка ў заходняй прэсе зьявіліся паведамленьні, што Расея апавясьціла Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША аб адмене дазволу на інспэкцыйны палёт у расейскай паветранай прасторы. Падобныя інспэкцыі прадугледжаныя Дамовай па адкрытым небе — шматбаковага міжнароднага пагадненьня, падпісанага ў сакавіку 1992 году ў Хельсінкі прадстаўнікамі 23 дзяржаваў. На Захадзе лічаць, што забарона на інспэкцыйны палёт можа азначаць жаданьне Крамля схаваць інфармацыю аб дысьлякацыі расейскіх узброеных сілаў ля мяжы з Украінай.

Масква і Вашынгтон маюць права праводзіць узаемныя інспэкцыі па двухбаковых пагадненьнях паміж Расеяй і ЗША ў галіне кантролю за ўзбраеньнямі.

Радыё Свабода, 19 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/884/25847
Текущая дата: 18.11.2024