Белорусский портал в Казахстане

З Блізкага Усходу можа пачацца трэцяя сусветная вайна, калі дапусціць эскалацыю цяперашняга ізраільска-палесцінскага канфлікту



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў.

"Можа быць трэцяя сусветная вайна. Яна можа адтуль пачацца. Якім чынам: калі яны (Ізраіль і іх саюзнікі.) пачнуць з Іранам ваяваць. Ужо не Іран іх тузае, а яны іранцаў пачынаюць тузаць. Ну чаго вы? У вас што, факты ёсць, што там Іран мае дачыненне да гэтага (атакі байцоў ХАМАС на ізраільскія тэрыторыі.)? Ёсць факты - пакладзіце іх на стол, мы паглядзім. Але ніхто ж не выставіў Ірану прэтэнзіі на аснове нейкіх фактаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане падкрэсліў, што выкарыстанне бакамі канфлікту зброі, якая вырабляецца ў той ці іншай дзяржаве, яшчэ нічога не даказвае: "Так, ракеты, нібыта "Шахіды", беспілотнікі (іранскай вытворчасці.) лятаюць. Дык і вашы беспілотнікі, ракеты ва Украіне лятаюць. Ідзе гандаль зброяй. Гэта дрэнна. Але гэта ж легальна. Можа, хтосьці праз нейкія рукі і купіў, ХАМАС купіў гэтыя ракеты. А колькі з Украіны зброі паступіла туды? Паказваюць нумары гэтых амерыканскіх вінтовак. Яны ж усе на ўліку. Вось яны з Украіны паступілі і паступаюць".

"Таму блытаніна сур`ёзная. Калі амерыканцы, падцягнуўшы туды гэтыя ўдарныя авіягрупы, авіяносцы, пачнуць бамбіць з Міжземнага мора (хоць не думаю, што яны вар`яты) нейкія краіны і асабліва Іран, то Іран адкажа. І не факт, што авіяносец устаіць у Міжземным моры. Патопяць. Гэта катастрофа. Таму вельмі шмат такіх рэчаў, якія гавораць аб тым, што можа ўспыхнуць сур`ёзны канфлікт, а можа і вайна з прымяненнем самай сур`ёзнай зброі. Ніхто не ведае, як будуць развівацца падзеі. Нават тыя, хто там заварыў гэту кашу, - амерыканцы - яны не ведаюць, у што гэта выльецца", - сказаў Прэзідэнт.

"Але на месцы арабы іх папярэджваюць - шыіты і іншыя. Яны ж наносяць удар па іх базах у Сірыі і іншае - там, дзе амерыканскія базы размешчаны. Яны іх папярэджваюць: мы не тыя, што былі 10 гадоў таму", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

27 кастрычніка 2023, Мінскі раён
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/89/71329
Текущая дата: 17.11.2024