Белорусский портал в Казахстане

Пасол Украіны: Упэўнены, што Беларусь не ўдарыць нас у спіну



"Не чакаем, што Беларусь ударыць нас у спіну. Упэўнены, што не ўдарыць", — заявіў пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль, адказваючы на пытанне, ці не апасаецца Украіна таго, што Беларусь можа прыняць бок Расіі ў расійска-ўкраінскім канфлікце.

Ежаль нагадаў, што раней афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі ўжо выказваліся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. "Мы ўдзячныя Беларусі за яе ўзважаную пазіцыю. Беларусь заняла дакладную пазіцыю аб недатыкальнасці нашых межаў і цэласнасці тэрыторыі", — сказаў украінскі пасол.

Ежаль падкрэсліў, што для Украіны вельмі важная гэтая падтрымка, таму што Беларусь з`яўляецца адным з найбліжэйшых яе партнёраў.

Гаворачы пра перспектывы развіцця адносінаў паміж дзвюма краінамі, пасол адзначыў: "Думаю, што ў галіне палітычнай усё будзе ў нас нармальна. У нашых адносінах з Беларуссю няма прычын для змяненняў, з`яўленняў нейкіх прэтэнзій адзін да аднаго".

На пытанне, ці няма ва Украіны апасенняў наконт таго, што Крэмль можа націснуць на беларускае кіраўніцтва, Міхаіл Ежаль адказаў: "Ваш прэзідэнт ужо сказаў: ніхто на мяне не ціснуў і не будзе ціснуць. Ён смела і адкрыта сказаў гэта на ўвесь свет".

Нагадаем, 12 сакавіка на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніякага націску з боку Крамля ў сувязі з падзеямі ва Украіне на яго няма. "На мяне ніхто не цісне, ніякія крамлі і іншыя на мяне ніколі не ціснулі. Таму што гэта, па-першае, бесперспектыўна ці, як кажуць дыпламаты, контрпрадуктыўна. На мяне няма чаго ціснуць".

"Я буду абараняць інтарэсы сваёй краіны і дзейнічаць у строгай адпаведнасці з нашымі дагаворамі, у тым ліку ў адпаведнасці з Дагаворам аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы, дзе ў нас ёсць прамыя абавязацельствы, гэтак жа сама, як і ў Расіі. Мы ў гэтых адносінах будзем дзейнічаць", — дадаў Лукашэнка.

Трэба таксама адзначыць, што 18 сакавіка ў Маскве быў падпісаны дагавор аб прыняцці Крыма і Севастопаля ў склад Расійскай Федэрацыі. Яго падпісалі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, кіраўнікі Крыма Уладзімір Канстанцінаў і Сяргей Аксёнаў і мэр Севастопаля Аляксей Чалы.

Напярэдадні МЗС Украіны заклікала міжнародную супольнасць не прызнаваць незалежнасць Крыма. "Улічваючы тое, што незалежнасць Крыма была абвешчаная нелегітымным органам па выніках антыканстытуцыйнага рэферэндуму, праведзенага з абуральнымі парушэннямі агульнаеўрапейскіх норм і стандартаў правядзення рэферэндумаў, Міністэрства замежных спраў Украіны звяртаецца да ўсіх членаў міжнароднай супольнасці з настойлівай просьбай устрымацца ад міжнароднага прызнання "Рэспублікі Крым", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Рэакцыі з боку афіцыйнага Мінска на апошнія падзеі вакол Крыма пакуль не было.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 18 сакавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/890/25475
Текущая дата: 18.11.2024