Белорусский портал в Казахстане

Беларускія ініцыятывы запатрабаваны ў партнёраў па АДКБ



Аб гэтым у Астане на палях сумеснага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.

"Для Беларусі галоўнае яшчэ раз, выкарыстоўваючы міжнародную пляцоўку і аўтарытэтны статус АДКБ, давесці нашу пазіцыю па фармаванні шматпалярнага свету, узаемнай павазе ўсіх дзяржаў. Што сёння сапраўды трэба будаваць празрыстую архітэктуру еўразійскай бяспекі - тое, аб чым мы пастаянна гаворым і робім практычныя захады", - заявіў журналістам Аляксандр Вальфовіч.

Ён адзначыў, што з размоў з калегамі ён бачыць, што прапановы і ініцыятывы беларускага боку, бачанне ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол АДКБ актуальны і запатрабаваны. "Тыя ініцыятывы, якія Беларусь вылучае, знаходзяць сваё месца, яны запатрабаваны", - падкрэсліў дзяржсакратар.

Аляксандр Вальфовіч таксама лічыць важным павышаць статус АДКБ на міжнароднай арэне.

Важнае пытанне парадку дня датычыцца сумеснага плана падрыхтоўкі да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Адказваючы на пытанне аб адсутнасці на саміце армянскага боку і магчымым уплыве гэтага факта на эфектыўнасць сумеснай работы, Аляксандр Вальфовіч сказаў: "Пазіцыя армянскага боку не супярэчыць працэдуры прыняцця дакументаў. Сумна, што аднаго з членаў АДКБ сёння не будзе на пасяджэннях. Але я думаю, што на агульны фармат мерапрыемства, на тыя дакументы, якія сёння будуць разглядацца, гэта істотным чынам не паўплывае".

З беларускага боку ў сумесным пасяджэнні таксама прынялі ўдзел кіраўнікі дыпламатычнага і абароннага ведамстваў Максім Рыжанкоў і Віктар Хрэнін.

У Астане 28 лістапада таксама адбудзецца пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Удзел у саміце прыме Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які напярэдадні прыбыў у сталіцу Казахстана.

28 лістапада 2024, Астана
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/9/76029
Текущая дата: 23.12.2024