Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступае за ўрэгуляванне палітычнага крызісу ва Ўкраіне шляхам цывілізаванага дыялогу



Пра гэта гаворыцца ў каментары начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка з нагоды падзей ва Ўкраіне.

"Беларусь не могуць не хваляваць падзеі, якія адбываюцца ў суседняй Украіне, з якой нас звязвае даўняя і цесная дружба, — адзначыў прэс-сакратар. — Беларускім бокам з вялікай трывогай успрынята абвастрэнне становішча ў цэнтры Кіева 18 лютага 2014 года. Лічым недапушчальнымі радыкальныя, супрацьпраўныя метады вырашэння ўнутрыпалітычных рознагалоссяў".

"Мы па-ранейшаму выступаем за ўрэгуляванне палітычнага крызісу ва Ўкраіне шляхам цывілізаванага дыялогу пры безумоўным выкананні прынцыпаў вяршэнства закона і без якога-небудзь умяшання звонку", — падкрэсліў Мірончык.

Ён выказаў надзею на "найхутчэйшую стабілізацыю сітуацыі ў краіне і прыняцце ўзважаных рашэнняў у інтарэсах украінскага народа".

Нагадаем, 18 лютага МЗС Украіны заклікала замежныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі даць аб`ектыўную ацэнку сённяшнім падзеям у Кіеве.

"Заклікаем замежныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі да аб`ектыўных і непрадузятых ацэнак развіцця сітуацыі ва Украіне, чакаем рашучага асуджэння з іх боку супрацьпраўных дзеянняў радыкальных сіл", — гаворыцца ў заяве кіраўніка ўкраінскага знешнепалітычнага ведамства Леаніда Кажары, размешчаным на сайце МЗС Украіны.

Кажара падкрэсліў, што 18 лютага "радыкальныя сілы ў Кіеве і ў іншых гарадах Украіны, якія выдаюць сябе за ўдзельнікаў мірных пратэстаў, ініцыявалі новы нічым не апраўданы ўсплёск насілля і беззаконнасці". "Гэтак званыя мітынгоўцы ажыццяўляюць ўзброеныя напады на будынкі органаў дзяржаўнай улады, арганізуюць падпалы будынкаў, наносяць цяжкія цялесныя пашкоджанні супрацоўнікам праваахоўных органаў, выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю і заклікаюць да гэтага іншых грамадзян", — гаворыцца ў заяве.

Кажара зазначыў, што "гэтыя супрацьпраўныя дзеянні, якія ставяць пад пагрозу жыццё і бяспеку грамадзян Украіны і канстытуцыйны лад дзяржавы, патрабуюць ад органаў улады належнай ацэнкі і адэкватнага рэагавання ў межах дзейнага заканадаўства з мэтай аднаўлення правапарадку".

Паводле звестак украінскіх СМІ, мірнае шэсце да Вярхоўнай рады, якім раніцай 18 лютага кіраваў лідар "Свабоды" Алег Цягнібок, перарасло ў сутыкненні з міліцыяй. Вярхоўная рада сёння збіралася разгледзець вяртанне Канстытуцыі 2004 года.

МУС Украіны паведамляе, што падчас сутыкненняў пацярпелі сем байцоў унутраных войскаў.

Паводле звестак espreso.TV, падчас беспарадкаў ля будынка Вярхоўнай рады пацярпела каля 150 чалавек, з іх 30 — у цяжкім стане. Большасць пацярпелых атрымалі раненні ў галаву, у аднаго чалавека адарвана кісць пасля пападання святла-шумавой гранаты. Сярод параненых — фотакарэспандэнт Рэйтэр ва Украіне Глеб Гараніч, якому на вуліцы Шаўкавічнай у грудзі трапіла святла-шумавая граната.

Дэпутат ад партыі "Батькивщина" Леся Арабец паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook пра трох загінулых падчас беспарадкаў. "Тры трупы ў Доме афіцэраў. Нашых. Яшчэ сямёра пры смерці. Хуткія не пускаюць!" — напісала яна. Пазней ва ўкраінскіх СМІ з`явілася фатаграфія з яшчэ двума загінулымі на вуліцы Інстытуцкай. Такім чынам, паводле неафіцыйнай інфармацыі, сёння падчас беспарадкаў у Кіеве загінулі пяць чалавек.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 18 лютага 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/900/25065
Текущая дата: 18.11.2024