Белорусский портал в Казахстане

Восем беларускіх дыпламатаў прызначаны пасламі Рэспублікі Беларусь



Адпаведныя кадравыя рашэнні прыняў 3 снежня Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, паслом у Польшчы прызначаны Аляксандр Авяр`янаў, у Літве — Аляксандр Кароль, у Аргенціне — Віктар Козінцаў.

Паслом Беларусі ў Эфіопіі, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Афрыканскім саюзе, пастаянным прадстаўніком пры Праграме ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) і Праграме ААН па населеных пунктах (ААН-Хабітат) па сумяшчальніцтве прызначаны Дзмітрый Куптэль.

Андрэй Еўдачэнка прызначаны паслом у Вялікім Герцагстве Люксембург па сумяшчальніцтве, Уладзімір Чушаў — паслом у Чарнагорыі і Македоніі па сумяшчальніцтве, Аляксандр Хайноўскі — паслом у Босніі і Герцагавіне па сумяшчальніцтве.

Былы прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных прызначаны паслом у Турэцкай Рэспубліцы і Рэспубліцы Ірак па сумяшчальніцтве.

Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне Сяргея Міхневіча генеральным консулам Беларусі ў Гданьску (Польшча), а Ігара Назарука — дырэктарам дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў.

Практычна ўсе названыя паслы ўзначаляць дыпламатычныя місіі Беларусі ўпершыню, адзначае прэс-служба прэзідэнта.

Ажыццяўляючы кадравыя прызначэнні, Лукашэнка адзначыў, што работнікам МЗС, дыпламатам неабходна больш актыўна працаваць з моладдзю, часцей бываць у ВНУ, чытаць лекцыі, выступаць перад будучымі дыпламатычнымі работнікамі. "Ніхто лепш за вас не прачытае лекцыю і не раскажа будучым дыпламатам пра іх будучую працу", — дадаў ён.

Звяртаючыя да паслоў у Польшчы і Літве, Лукашэнка падкрэсліў: "Гэта нашы краіны-суседзі, як бы мы з імі ні жылі сёння, якія б у нас ні былі адносіны, суседзяў, мы ўжо даўно гаворым і не намі гэта прыдумана, не выбіраюць. Нам, якія б яны ні былі, трэба настройвацца на пазітыўную працу, шукаць кантакты з імі, нам трэба супрацоўнічаць. Бачыць Бог, мы так і робім, гэта наша лінія, і тое, што ў нас часам не атрымліваецца, — гэта не ад нас залежыць, занадта неадэкватныя, скажам так, да нас патрабаванні выстаўляюць з таго боку, на якія мы пайсці не можам, сёння прынамсі, ды не думаю, што заўтра і паслязаўтра зможам".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць развіцця супрацоўніцтва з Турцыяй і Іракам. Ірак, паводле слоў Лукашэнкі, праяўляе вялікую цікавасць да Беларусі, адтуль паступаюць розныя прапановы і ад бізнесменаў, і ад палітыкаў. Неўзабаве, адзначыў ён, пачнецца аднаўленне гэтай краіны, а таму неабходна скарыстацца выпадкам і прапанаваць Іраку вялікую наменклатуру беларускіх тавараў.

Звяртаючыся да новага пасла ў Турцыі і Іраку Андрэя Савіных, Лукашэнка заявіў, што Ірак "не павінен быць прышпілены да працы ў Турцыі", на гэтым кірунку неабходна больш актыўна разгортвацца, і не толькі паслу, але і членам урада, кіраўнікам прадпрыемстваў. Што да Турцыі, то гандлёва-эканамічныя адносіны з гэтай краінай патрабуюць большай дынамікі, сказаў Лукашэнка.

Важна супрацоўнічаць і з краінамі Афрыкі, заявіў кіраўнік дзяржавы. "Палітыка палітыкай, але гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, экспарт з`яўляецца прыярытэтам нашай знешнеэканамічнай дзейнасці, і ад гэтага нікуды не дзенешся, — сказаў Лукашэнка. — Геапалітыка нам не патрэбна, мы не збіраемся гуляць у гэтыя гульні, у якія гуляюць сем-восем вядомых дзяржаў. Нам гэта абсалютна не трэба. Нам палітыка патрэбная для таго, каб прадставіць краіну, абараніць яе інтарэсы, усё астатняе — гэта гандаль, экспарт. Гэта задача нумар адзін".

"Будзе экспарт — будзе валюта, будзе валюта — нашым палітычным праціўнікам няма чаго будзе сказаць. У іх адна праблема і адна балбатня — дэстабілізаваць становішча на валютным рынку, гэта іх галоўная задача, яны думаюць, што калі мы валютны рынак абвалім, значыць, абваліцца краіна. Нічога падобнага! Ніхто нікуды не абваліцца. Але гэтую праблему трэба вырашаць, і рашэнне толькі адно — прыток валюты ў нашу краіну", — падкрэсліў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 3 снежня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/913/24296
Текущая дата: 18.11.2024