Белорусский портал в Казахстане

Юбілей Nоtrе Dаmе dе Раrіs у... Сафійскім саборы



У славутым Сафійскім саборы праходзіць ХХVІ Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, прысвечаны 30-й гадавіне канцэртнай залы.

Аматараў музыкі чакаюць сустрэчы з выдатнымі выканаўцамі з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі, Францыі, Ізраіля, Аргенціны і Кубы.

— 5 красавіка адбылося адкрыццё Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, — паведамляе Алена Мартынава, музычны рэдактар канцэртнага аддзела Сафійскага сабора. — Па традыцыі адкрылі фестываль калектывы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь: сімфанічны аркестр і акадэмічны хор, а таксама ў канцэрце ўзялі ўдзел вядучыя літоўскія салісты Рамінта Вайцескаўскайтэ, Альгірдас Янутас, народны артыст Літвы Уладзімірас Пруднікавас.

У рамках правядзення фестывалю 28 красавіка эфектную праграму з твораў яркіх прадстаўнікоў музыкі Францыі ХVІІ-ХХ стагоддзяў выканае французскі арганіст П`ер Жыва.

Цікава, што ў маі ў рамках Сусветнага дня аргана ў саборы адбудзецца канцэрт, прысвечаны 850-годдзю Nоtrе Dаmе dе Раrіs. Дарэчы, у гэты дзень — 6 мая — канцэрты будуць праходзіць у розных залах і цэрквах свету, у тым ліку і ў старажытным Полацку. Арганістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая і Камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава ў гонар гэтай падзеі выканаюць шэдэўры арганнай класікі, музыку кампазітараў, якія служылі арганістамі ў розныя гады ў Nоtrе Dаmе dе Раrіs, і лепшыя творы для аргана і камернага аркестра.

Фінальным акордам фестывалю стане канцэрт "Лацінаамерыканскія эстампы". 18 мая — у Міжнародны дзень музеяў — бліскучы кубінскі піяніст-віртуоз Луіс Луго ў суправаджэнні аргентынскай спявачкі Джэсікі Мілнер прадставіць публіцы класічныя ўзоры папулярных лацінаамерыканскіх мелодый і аргенцінскага танга.

Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 6 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/947/20439
Текущая дата: 08.07.2024