Белорусский портал в Казахстане

Пытанне аб стварэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі не мае ніякага дачыенння да ПРА, нейтралізоўваць пагрозы можна іншым спосабам



Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 10 мая ў Варшаве на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўнікамі МЗС Германіі і Польшчы — Гіда Вестэрвеле і Радославам Сікорскім.

"З чыста ваеннага пункту гледжання, ВПС, у той частцы, у якой гэта пытанне абмяркоўвалася з Беларуссю, не мае ніякага дачынення да ПРА, — цытуе Лаўрова ІТАР-ТАСС. — Для таго каб нейтралізоўваць рызыкі, ёсць іншыя сродкі".

"Нашы адносіны з Беларуссю, у тым ліку ў ваеннай сферы, з`яўляюцца саюзніцкімі, — пацвердзіў расійскі міністр. — Абарончыя задачы вырашаюцца гарманізавана". "Я тут не бачу прычын для таго, каб на гэту тэму хвалявацца", — дадаў Лаўроў.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб стварэнні расійскай авіябазы ў Беларусі, Гіда Вестэрвеле, у сваю чаргу, зазначыў: "Галоўнае, да чаго мы павінны імкнуцца, — умацаванне даверу". "Бяспеку ў Еўропе мы можам забяспечыць не канкуруючы, а толькі сумесна з Расіяй", — дадаў ён.

Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў: "Польшча не хоча ўдзельнічаць у гонцы ўзбраенняў блізу нашых межаў". З`яўленне расійскай авіябазы ў Беларусі "нас непакоіць, і нам хацелася б, каб гэтага не было", дадаў ён.

Нагадаем, міністр абароны РФ Сяргей Шайгу, які знаходзіўся 23 красавіка з візітам у Мінску, аб`явіў пра планы пастаўкі ў Беларусь чатырох дывізіёнаў зенітных ракетных комплексаў С-300 і размяшчэння на тэрыторыі краіны расійскага знішчальнага авіяпалка.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 9 мая на плошчы Перамогі ў Мінску пасля шэсця ветэранаў, заявіў: "Новыя комплексы і самалёты — гэта выключна абарончая зброя. І мы будзем іх мець столькі, колькі неабходна для забеспячэння бяспекі нашай дзяржавы".

"Суверэнная Беларусь пастаянна знаходзіцца пад прыцэлам гармат неаб`яўленай халоднай вайны, — сказаў Лукашэнка. — Сёй-той на Захадзе так і не змог змірыцца з тым, што Беларусь не стала чарговай "бананавай рэспублікай", яка таньчыць пад дудку заакіянскіх дэмакратый. Нас душаць санкцыямі, абліваюць брудам паклёпу. Уздоўж нашых межаў лятаюць ваенныя самалёты НАТО, ствараюцца новыя базы, учыняюцца правакацыі".

БелаПАН
Мінск, 11 мая 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/960/21057
Текущая дата: 17.11.2024