Белорусский портал в Казахстане

1 мая завяршаецца прыём заявак і конкурсных работ на беларуска-літоўскі фестываль небюджэтнага кіно toKino



Фестываль пройдзе з 28 мая па 1 чэрвеня ў Вільнюсе.

toKino — гэта адкрытая прастора для выказвання свайго меркавання, а таксама абмену вопытам маладымі аўтарамі з Беларусі і Літвы, якія выкарыстоўваюць кіно і відэа як інструменты сацыяльнага дзеяння, шукаюць альтэрнатыўныя шляхі данясення да грамадства важных тэм.

"Мы разумеем кіно як даследаванне жыцця, як працэс пазнання і навучання бачанню і выказванню. toKino — гэта кіно новых умоў і выклікаў, магчымасць гаварыць тое, пра што прынята маўчаць, бачыць тое, на што баяцца глядзець, рабіць тое, што лічаць немагчымым. toKino — гэта кіно ўзаемадзеяння, пазіцыі і рэфлексіі", — адзначае аргкамітэт фестывалю.

Фестываль небюджэтнага кіно арганізаваны ў межах праекта LitPro. Гэта сацыяльна-культурны праект па наладжванні міжкультурнага дыялогу паміж Літвой і Беларуссю, які з 2007 года рэалізуе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у партнёрстве з кафедрай літоўскіх даследаванняў Вільнюскага ўніверсітэта. Падтрымку праекту аказвае дэпартамент развіваючага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Літвы.

Больш падрабязную інфармацыю пра ідэю фестывалю і ўмовы ўдзелу ў ім можна знайсці на сайце www.tokino.lt.

БелаПАН

Мінск, 21 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/966/20702
Текущая дата: 17.11.2024