Белорусский портал в Казахстане

Кантрольныя органы краін Мытнага саюза дамовіліся штогод праводзіць сумесны аўдыт



Вышэйшыя кантрольныя органы краін Мытнага саюза будуць штогод праводзіць сумесны аўдыт.

Рашэнне аб гэтым прынята на праведзеным напярэдадні ў Маскве сумесным пасяджэнні калегій Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, Падліковай палаты Расіі і Падліковага камітэта па кантролю за выкананнем рэспубліканскага бюджэту Казахстана, паведамілі ў прэс-службе Падліковай палаты.

На пасяджэнні разгледжаны вынікі першага трохбаковага аўдыту - сумеснай праверкі выканання ў 2010-2011 гадах упаўнаважанымі органамі дзяржаў - членаў Мытнага саюза Пагаднення аб устанаўленні і прымяненні парадку залічэння і размеркавання ўвазных мытных пошлін. Яна паказала, што ў цэлым выкананне гэтага пагаднення было забяспечана. Выяўлены асобныя недахопы ў арганізацыі залічэння ўвазных мытных пошлін на пачатковым этапе дзеяння пагаднення, абумоўленыя адсутнасцю аднастайнасці прымянення яго палажэнняў. Меры па іх устараненню прымаюцца ўжо, адзначылі ў прэс-службе.

Акрамя таго, яшчэ не рэалізавана палажэнне пагаднення ў частцы абмену мытнымі органамі дзяржаў - членаў Мытнага саюза інфармацыяй, звязанай з выплатай увазных мытных пошлін. Наладжванне інфармацыйнага абмену дасць магчымасць аналізаваць і дакладна ацэньваць паўнату i своечасовасць узаемнага паступлення гэтых плацяжоў.

На пасяджэнні зацверджана сумесная трохбаковая справаздача аб выніках праверкі, якая накіроўваецца ва ўрады Беларусі, Расіі і Казахстана, а таксама ў Еўразійскую эканамічную камісію.

1 сакавіка 2013, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/989/19673
Текущая дата: 18.11.2024