Белорусский портал в Казахстане

Месца сілы сучаснай Беларусі



Аб чым гаварыў Дзмітрый Крутой на "Марафоне адзінства" ў Брэсце.

Брэст валодае культурным багаццем, унікальнай разнастайнасцю і з`яўляецца месцам сілы для ўсёй Беларусі. Такую думку выказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой у час рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства" ў Брэсце.

Брэст стаў дзясятым горадам на маршруце "Марафону адзінства".

"Мы часта абсалютна справядліва гаворым, што Брэст - гэта заходнія вароты нашай краіны. А што трэба ўмець добра рабіць на варотах? Правільна - круціць галавой ва ўсе бакі. Мне здаецца, адсюль ваша культурнае багацце, пэўная шматаблічнасць, унікальная разнастайнасць Брэста. Ваш горад за свае 1005 гадоў быў і ўдзельнікам, і сведкам мноства важнейшых гістарычных падзей", - звярнуў увагу Дзмітрый Крутой.

Так, Брэст першым сярод гарадоў Беларусі атрымаў Магдэбургскае права. Вызначыліся брастаўчане ў Грунвальдскай бітве пры разгроме тэўтонцаў. Знакавы след у гісторыі пакінула Брэсцкая унія. "Брэсцкая біблія - таксама ўнікальная з`ява. Фактычна пропуск Беларусі ў сусветную кніжную культуру. І, вядома, наша цвярдыня - Брэсцкая крэпасць-герой, абарона якой у 1941 годзе разбурыла міф аб непераможнасці нямецкай арміі. Сёння гэта месца сілы сучаснай Беларусі. Кожны жыхар краіны павінен абавязкова тут пабываць, каб адчуць пульс, нерв, дух нашай рэспублікі", - перакананы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Брастаўчане з вялікай павагай ставяцца да землякоў, якія сваімі поспехамі праславілі рэгіён. Напрыклад, да беларускага дзяржаўнага дзеяча, Героя Беларусі Пятра Пракаповіча, да першага беларускага касманаўта, двойчы Героя Савецкага Саюза, Пятра Клімука. На яго малой радзіме ў Тамашоўцы Брэсцкага раёна працуе першы ў гісторыі суверэннай Беларусі музей касманаўтыкі.

"Туды кожнаму жыхару нашай рэспублікі абавязкова рэкамендую з`ездзіць. Музею ўжо амаль 50 гадоў, цудоўныя залы, пастаянна папаўняецца экспазіцыя. Атрымаеце дакладна вялікае задавальненне і адчуеце гордасць за нашу рэспубліку", - параіў Дзмітрый Крутой.

21 снежня 2024, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/1/76328
Текущая дата: 23.12.2024