У суботу 21 снежня ў 12:20 па мінскім часе адбудзецца астранамічнае зімовае сонцастаянне, пасля самай доўгай ночы ў годзе прырода паварочвае на вясну.
Нягледзячы на тое, што каляндарная зіма пачалася 1 снежня, а сінаптычная сёлета ў Беларусь не спяшаецца, астранамічная зіма наступае толькі 21 снежня.
Паводле падлікаў астраномаў, зімовае сонцастаянне настане амаль апоўдні 21 снежня ў 12:20 па маскоўскім (супадае з мінскім) часе. Працягласць светлавога дня складзе 7 гадзін 00 хвілін і 16 секунд – гэта самы кароткі дзень за год.
Сонца – крыніца ласкі
Дзень зімовага сонцавароту, даты якога залежаць ад зруху ў календары, адзначаецца практычна ва ўсіх сусветных культурах.
Таксама і ў беларускім фальклоры сонца – вялікае касмічнае Божае вогнішча. Захаваліся шматлікія ўяўленні нашых продкаў аб сонцы, як жывой істоце.
Старажытныя беларусы меркавалі, што сонца працуе ўвесь дзень з ранку да цямна, а ноччу адпачывае:
"Сонейка рана падымаецца з-за зямлі і коціцца па небу на захад, каб потым увечары зайсці пад зямлю. Там яно адпачывае, а потым зноў падымаецца".
Часам у калядных песнях у сонцы бачылася ідэальная гаспадыня.
Ды наогул здаўна дзённае свяціла параўноўвалася з маці, бо заўсёды дорыць ласку і цеплыню:
"Сонейка ніколі не злуе, яно заўжды ласкава пазірае ды хукае на ўсіх, як матка на сваіх дзетак".
Што ж датычыцца гаспадаркі, то з сонцам заўсёды атаясамліваўся круглы посуд і некаторыя народныя стравы – перш за ўсё, бліны – якія па форме і колеры нагадвалі дзённае свяціла.
Сонцаварот – у гаспадарцы паварот
У народнай культуры беларусаў лічылася, што ў дзень зімовага сонцастаяння сонца памірае, а пасля таго, калі дзень зноў пачынае пакрысе прыбываць, яно адраджаецца ізноў, сцвярджаюць этнографы.
З гэтай нагоды на вёсцы ў гэты дзень выконвалі так званы абрад пераварочвання, які ўвасабляў паварот сонца на вясну.
Так, этнографы сведчаць, што гаспадары ўставалі рана раніцай, калі яшчэ зусім цёмна, ішлі ў хлеў і паварочвалі хатнюю жывёлу – асабліва кароў і коней – пысамі да дзвярэй.
Прысутнічала падобная "гаспадарская магія" і ў свірне, дзе раніцай змешвалі ды пераварочвалі збожжа дзеля будучага ўраджаю.
Сонца падказвае надвор’е
Колькі стагоддзяў таму людзі навучыліся складаць метэаралагічны прагноз, назіраючы за прыродай. Не абміналі гэтыя гаспадарскія назіранні і зімовае сонцастаянне. З тых часоў да нашых дзён захаваліся пэўныя пагодныя прыкметы:
*калі у час захаду назіраюцца бледнае сонца і збіраюцца сіваватыя хмары, абавязкова заўтра будзе дождж;
*калі на сонцаварот свяціла чырванейшае і яснае, чым звычайна, а да таго і вецер вее ад усходу ці поўначы, – будзе моцны мароз;
*калі неба ноччу яснае, то і днём надвор’е будзе сонечным;
*чырвонае неба, калі сонца заходзіць, сведчыць аб надыходзячых маразах;
*з’яўляюцца на сонцаварот "слупы" каля сонца – хутка чакаць марознае надвор’е.
Sputnik Беларусь, 21 снежня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/1/76356
Текущая дата: 23.12.2024