Белорусский портал в Казахстане

«Беларусьфільм» рыхтуе першы беларускі анімацыйны поўнаметражны фільм у фармаце 3D



Першымі новы мультфільм змогуць ацаніць наведвальнікі «Лістападзіка», паколькі такія планы ў кіношнікаў ёсць.

Сапраўдны падарунак для юных гледачоў сёлета рыхтуе Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» — першы беларускі анімацыйны поўнаметражны фільм на аснове славянскай міфалогіі. Яго рабочая назва — «Песня Сірын». 

Аднак мы не сталі чакаць прэм’еры і спецыяльна для нашых чытачоў даведаліся падрабязнасці стварэння «Песні Сірын» у рэжысёра-пастаноўшчыка, мастацкага кіраўніка студыі маладзёжнага кіно «Беларусьфільма» Алены Туравай. 

— На аснове міфалогіі стваралася многа фільмаў і мультфільмаў кінастудыямі розных краін свету, але ў асноўным гэта датычылася пантэона старажытнагрэчаскіх, старажытнарымскіх ці егіпецкіх багоў. Менавіта таму дзеці добра іх ведаюць, а сваіх славянскіх — не, — тлумачыць Алена Віктараўна з’яўленне ідэі прысвяціць беларускі мультфільм менавіта славянскай міфалогіі. — Лічу гэта вялікай крыўдай і недахопам, бо ў нас багатая культура, у славян вельмі цікава паказана, як пабудаваны Сусвет, якія існуюць узаемасувязі чалавека і прыроды. У нас хапае персанажаў, як і ў той жа старажытнагрэчаскай абойме, толькі яны свае і не растыражаваныя. Можна сказаць, мы ў гэтым сэнсе піянеры, таму што толькі цяпер звярнуліся да сваіх каранёў.

Гісторыя сцэнарыя новага мультфільма даволі цікавая. Аказваецца, ён ужо быў у партфелі «Беларусьфільма» некалькі гадоў як сцэнарый-пераможца аднаго з конкурсаў Нацыянальнай кінастудыі. І, пэўна, настаў той самы ідэальны момант, калі знайшлася магчымасць запусціць поўнаметражнае кіно.

— Гэта свайго роду эксперымент, бо дагэтуль у Беларусі яшчэ не стваралася поўнаметражных мультфільмаў у фармаце 3D. Так, раней быў дзіцячы мюзікл «Зоркі сёмага неба», але ён запускаўся як серыя 13-хвілінных фільмаў, якія мы потым аб’ядноўвалі ў адно цэлае. Нам было так зручней па вытворчых прычынах: калектыў у нас не такі вялікі, рэсурсаў не хапала. А цяпер, дзякуючы калабарацыі з адной беларускай анімацыйнай студый, мы замахнуліся на такі вялікі крок у беларускім анімацыйным кіно, як поўнаметражнае фэнтэзі ў фармаце 3D, — згадвае Алена Турава. — Работа аказалася хоць і цікавая, але вельмі карпатлівая.

Распрацоўвалася ўсё да дробязяў. Патрэбна было прыдумаць не толькі знешні выгляд усіх персанажаў, але і ўсіх лакацый: як будуць выглядаць флора і фаўна ў свеце фэнтэзі. І ў гэтым пытанні стваральнікаў анімацыйнага фільма выручыла кемлівасць. Дзякуючы макраздымкам некаторых раслін, якія існуюць насамрэч, але мы іх звычайна не заўважаем з-за іх невялічкага памеру, атрымалася прыдумаць чароўныя расліны. Напрыклад, можна будзе пабачыць вялікі мох.

Спачатку былі чарнавыя, пасля каляровыя эскізы. Далей усё мадэлявалася з пластыліну, каб ацаніць, як гэта будзе ў аб’ёме з улікам маштабу ў дачыненні да саміх персанажаў, у якім месцы адбываецца той ці іншы эпізод сцэны, як перамяшчаюцца героі. Нюансаў вельмі многа! — Алена Турава расказвае пра творчы працэс стварэння свету фэнтэзі. — Толькі пасля гэтага мы перавезлі лакацыі на студыю «Кабінкап», дзе і стваралася сама анімацыя. Паверце, каб стварыць фэнтэзі-свет па матывах славянскай міфалогіі, нам давялося перагледзець шмат арнаментаў, вышыванак, паглыбіцца ў вусную творчасць славян. Сусветы атрымаліся сапраўды чароўныя! 

Згодна са славянскай міфалогіяй, Сусвет дзеліцца на тры светы: вехні, дзе ўладарыць Пярун-грымавержац і яго жонка Макош, багіня жаночага шчасця і сямейнага дабрабыту, сярэдні — рэальны свет, дзе жывём мы, і ніжні, дзе ўладарыць заступнік жывёл, бог чараўніцтва, багацця і мастацтваў Велес, які можа ператварацца ў Ваўка і Мядзведзя. Па сюжэце, злая багіня смерці Паляндра хоча парушыць сусветную раўнавагу і таму робіць усё, каб Пярун і Велес сапсавалі свае стасункі і распачалі вялікую бойку, якая прывядзе да гаспадарання Паляндры.

Зразумела, усіх сакрэтаў мы раскрываць не станем. І ўсё ж, каб юныя гледачы захацелі прыйсці ў кінатэатры на прэм’еру, крышачку раскажам, пра што ж распавядае «Песня Сірын». Сюжэт такі: два сябры — звычайныя школьнікі. Матвей — вельмі разумны, захапляецца практычнай арніталогіяй і вядзе пра яе блог, Дзіма — добры наіўны юнак, які верыць у цуды, ва ўсе расповеды пра чароўны свет, чытае з ахвотай коміксы. Аднойчы яны паехалі на дачу ў час летніх канікул. З-за доўгіх дажджоў дарогу размыла, таму дзеці вырашылі пайсці праз лес і яшчэ заадно сфатаграфаваць там зязюлю для блога Мацвея. Аднак яны заблукалі і раптоўна знайшлі вялікую, нават дзіўную птушку і, вядома, захацелі сфатаграфаваць яе. Гэта і аказалася Сірын, якая жыве ў ніжнім свеце.

Аднак птушка не дазволіла сфатаграфаваць, выхапіла тэлефон з рук і разам з ім заляцела ў дупло магутнага дуба, які расце на чароўнай паляне: усюды — дождж, а на ёй чамусці — сонца. Корні дрэва ўходзяць глыбока пад зямлю, а крона — у неба, а насамрэч гэта не проста дуб, а партал у іншы свет. Такім чынам хлопцы трапілі ў славянскую казку.

Акрамя птушкі смутку Сірын, у гэтай гісторыі будуць яшчэ дзве крылатыя прыгажуні (яе сёстры), знакавыя для славянскай міфалогіі, — Алканост (птушка шчасця, якая жыве ў верхнім свеце і выконвае жаданні) і Гамаюн (жыве ў нашым свеце на легендарным востраве Буяне). Ёсць і яшчэ адна галоўная гераіня — дзяўчынка Кася — насамрэч гэта Кастрама, якая шукае свайго брата-блізнюка.

Згодна са славянскай легендай, гэта выкрадзены ў дзяцінстве птушкай Сірын Купала — бог летняга сонца і ўраджаю. 

— Гэта фэнтэзі, таму мы не паказваем усё, як было насамрэч, запланаваны фантазійныя моманты на аснове славянскай міфалогіі, — тлумачыць Алена Турава. — Нездарма адзін з персанажаў скажа, што існуе тысячы варыянтаў прачытання гэтай гісторыі, а мы раскажам свой. Вельмі спадзяёмся, што ён падштурхне юных гледачоў яшчэ больш зацікавіцца гісторыяй і нашай культурай, каранямі. У гэтага мультфільма не толькі забаўляльная, але і асветніцкая роля. Лічу, з 10 гадоў яго можна глядзець дакладна. 

Дарэчы, Алена Турава таксама з’яўляецца аўтарам песень у гэтым мультфільме (музыку да іх напісаў Леанід Шырын). І ўсе яны розныя: калыханка, танцавальная фінальная... У адной з песень нават ёсць славянскія магічныя заклінанні. 

Работу над «Птушкай Сірын» ускладніла адсутнасць пісьмовых дакументаў, давялося сапраўды праявіць вялікую фантазію, каб сучаснаму гледачу было цікава знаёміцца са славянскай міфалогіяй. 

Ірына Прымак
Звязда, 8 верасня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/12/75213
Текущая дата: 19.11.2024