Драўляныя канструкцыі з ніжняй часткі вала гарадзішча на Менцы зараз вывучаюцца і кансервуюцца. Навукоўцы зрабілі новыя адкрыцці.
У ходзе кансервацыі драўляных канструкцый Х стагоддзя ў адным з дубоў была знойдзена сківіца кабана, расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх стагоддзяў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.
"Сківіца кабана спачатку была ўжыўлена ў дрэва, а потым яго ўжо ссеклі і выкарыстоўвалі для будаўніцтва клецяў у падножжы вала гарадзішча на Менцы", - распавёў археолаг.
Паводле яго слоў, на беларускай тэрыторыі такіх знаходак яшчэ не было. Сама па сабе сківіца, ужыўленая ў дрэва, з’яўляецца сведчаннем язычніцкіх вераванняў.
Андрэй Вайцяховіч удакладніў, што ў сваім маштабным даследаванні "Язычніцтва Старажытнай Русі" савецкі гісторык Барыс Рыбакоў, у тым ліку, апісваў і такія язычніцкія абрады славян.
Пры гэтым ён адзначыў, што аналагічныя знаходкі рабілі польскія археолагі, калі вывучалі гарадзішча ў Гнезна часоў праўлення Мешко I. Па храналогіі гэта таксама X стагоддзе, як і гарадзішча на Менцы, нягледзячы на свае асаблівасці ёсць і відавочнае падабенства.
Гісторык нагадаў, што на мінулым тыдні на адным з дубоў вала, якія праходзяць кансервацыю, была выяўлена зааморфная фігура. Цяпер, пасля знойдзенай сківіцы кабана і супастаўлення з матэрыяламі раскопак польскіх навукоўцаў, можна казаць аб тым, што на ім выразаны кабан з ікламі.
Мінск, 13 ліпеня 2024
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/19/74723
Текущая дата: 20.11.2024