Белорусский портал в Казахстане

Больш за 30 тарпанападобных коней перасялілі ў пойму Заходняй Бярэзіны



"Жывыя газонакасілкі" павінны ачысціць ад бур’яну пойму ракі, каб цецярукі змаглі зладзіць сабе такавішча.

Больш за 30 тарпанападобных коней перасялілі ў пойму Заходняй Бярэзіны ў рамках міжнароднага праекта па пашырэнні тэрыторыі пражывання папуляцыі гэтай знікаючай жывёлы, паведамілі ў Мінлясгасе.

Тарпанападобных коней больш за пяць гадоў таму завезлі ў Налібоцкую пушчу, дзе яны паспяхова размножыліся ў дзікіх умовах. Мэтай рассялення такіх коней у Беларусі з’яўляецца аднаўленне біялагічнай разнастайнасці, бо тарпанападобных коней называюць жывымі газонакасілкамі – яны здольны знішчыць практычна любы бур’ян.

"Коні павінны "расчысціць" пойму ракі Заходняя Бярэзіна, якая падверглася працэсу бур’янізацыі, і зрабіць яе прыдатнай для пражывання цэлага шэрага жывёл адкрытых пойменных месцапражыванняў", - паведамілі ў Мінлясгасе.

У першую чаргу гаворка ідзе пра такія віды птушак, як ржанкападобныя (кулікі, белахвостыя кнігаўкі) і гусепадобныя.

Акрамя гэтага, тарпанападобныя коні дапамогуць аднавіць цецяруковае такавішча у пойме Заходняй Бярэзіны, якое зарастае.
Таксама ў Мінлясгасе разлічваюць, што тарпанападобныя коні расчысцяць пойменныя лугі Заходняй Бярэзіны, і туды змогуць перасяліць зуброў з Налібоцкай пушчы.

У міністэрстве адзначылі, што практыка выкарыстання гэтых незвычайных коней у якасці "жывых газонакасілак" у Беларусі ўжо ёсць – акрамя Налібоцкай пушчы, яны ўжо жывуць у заказніку "Спораўскі", Белавежскай пушчы.

Варта разумець, што тарпанападобныя коні – гэта не старажытныя дзікія тарпаны, яны былі выведзены ў пачатку XX стагоддзя ў польскай частцы Белавежскай пушчы. Тым не менш, тарпанападобныя коні ад сваіх продкаў атрымалі ў спадчыну некаторыя характарыстыкі, у тым ліку і здольнасць расчышчаць зарослыя лугі і поймы рэк.

Мінск, 9 лістапада 2024
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/2/75773
Текущая дата: 19.11.2024