Белорусский портал в Казахстане

«Спыніць дыскрымінацыю беларускіх спартсменаў»



У Бахрэйне праходзіць кангрэс Міжнароднай федэрацыі баскетбола (ФІБА). Міністр замежных спраў, старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў накіраваў удзельнікам кангрэса спецыяльны зварот.

Пасыл зварота цалкам зразумелы і канкрэтны — спыніць дыскрымінацыйную практыку і вярнуць беларускія каманды на міжнародныя турніры. Такой пазіцыі беларускі бок прытрымліваецца ўвесь час, што нашы спартсмены адхіленыя ад міжнародных стартаў.

Максім Рыжанкоў адзначыў, што 18 траўня 2022 года выканаўчы савет ФІБА прыняў неабгрунтаванае рашэнне аб адхіленні зборных Беларусі ад удзелу ў афіцыйных мерапрыемствах пад эгідай арганізацыі.

«Гэта стала самым вялікім расчараваннем для ўсёй нашай баскетбольнай сям’і — гульцоў, балельшчыкаў, трэнераў і дзясяткаў тысяч дзяцей, якія займаюцца баскетболам», — адзначыў кіраўнік БФБ. Ён заўважыў, што цяпер многія міжнародныя федэрацыі актыўна працуюць над вяртаннем беларускіх спартсменаў на міжнародную арэну, а вось адна з вядучых спартыўных федэрацый свету — ФІБА — працягвае падаўжаць тэрмін дыскваліфікацыі.

«Гэтым рашэннем можа быць знішчана некалькі пакаленняў высокаматываваных і добра падрыхтаваных беларускіх баскетбалістаў. Усе мы выдатна ведаем, што кар’ера сярэднестатыстычнага топспартсмена вельмі кароткая і доўжыцца, паводле афіцыйных даследаванняў, ад чатырох з паловай да пяці гадоў, — канстатаваў Максім Рыжанкоў. — Па даных ААН, цяпер у свеце адбываецца больш за 40 узброеных канфліктаў. А калі ўсім закранутым імі краінам забараніць удзельнічаць у міжнародных турнірах, то спаборнічаць не будзе каму. Хацелася б нагадаць усім, што еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў зусім не хвалююць спорт і баскетбол у прыватнасці, што чалавечыя жыцці і спартыўная кар’ера для іх нічога не значаць».

Старшыня БФБ падкрэсліў, што забарона на ўдзел беларускіх гульцоў у міжнародных турнірах па баскетболе 3×3 у складзе замежных каманд наогул выходзіць далёка за рамкі здаровага сэнсу — гэта прамая дыскрымінацыя па прыкмеце месца нараджэння, этнічнага паходжання або нацыянальнасці.

«Замест таго, каб адыгрываць кансалідуючую ролю, накіраваную на прымірэнне інтарэсаў спартсменаў па асноўным прынцыпе Алімпійскай хартыі, паводле якой спорт павінен быць паза палітыкай, баскетбольная супольнасць, на жаль, атручана вірусам нянавісці і нецярпімасці. А Алімпійская хартыя абвяшчае: спартыўныя арганізацыі Алімпійскага руху павінны выконваць палітычную нейтральнасць», — нагадаў ён.

Па словах Максіма Рыжанкова, сёння мы з’яўляемся сведкамі таго, як усе няўхільныя прынцыпы, якія абаранялі П’ер дэ Кубертэн і іншыя выдатныя спартыўныя функцыянеры, былі разарваны і перамолаты ў пыл міжнароднымі спартыўнымі чыноўнікамі.

Як расказала генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна, зварот Максіма Рыжанкова выклікаў рэзананс сярод удзельнікаў кангрэса ФІБА.

«Абсалютная большасць краін выступаюць за вяртанне нашых моцных каманд на міжнародную арэну. Напрыклад, нават тыя ж чыноўнікі вельмі шкадуюць, што ў Кубку свету сярод жанчын не будуць прадстаўлены дзве вядучыя сусветныя зборныя — Беларусі і Расіі, бо гэта адаб’ецца ў першую чаргу на ўзроўні турніру. Рэкамендацыя па нядопуску камандных відаў спорту да турніраў ідзе з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта, таму цяпер асаблівыя надзеі на ліквідацыю дыскрымінацыйнай палітыкі звязваюць са зноў абраным прэзідэнтам МАК Кірсці Кавентры. Усе спадзяюцца, што змены адбудуцца ўжо сёлета. І, вядома, баскетбольная грамадскасць гатовая актыўна іх падтрымаць. Гэтымі днямі ў адрас БФБ працягваюць паступаць афіцыйныя віншаванні, у тым ліку і ад многіх еўрапейскіх федэрацый, у сувязі з абраннем Максіма Рыжанкова старшынёй Беларускай федэрацыі баскетбола. І ФІБА, і ФІБА Еўропа гатовыя падтрымаць Беларусь, цяпер чакаем рашэння МАК», — расказала яна.

Звязда, 16 траўня 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/2/78072
Текущая дата: 28.05.2025