Белорусский портал в Казахстане

У старажытнасці людзі трымалі ліс як свойскіх жывёл



Навукоўцы мяркуюць, што ў старажытнасці лісы маглі адыгрываць тую ж ролю, што ў нашы дні сабакі. Прынамсі для жыхароў Паўднёвай Амерыкі.

Да высновы аб тым, што лісы маглі быць свойскімі жывёламі, археолагі прыйшлі пасля таго, як у аргенцінскай Патагоніі іх астанкі былі знойдзены ў чалавечым пахаванні, зробленым каля 1500 гадоў таму. Вынікі даследавання, якое праведзена оксфардскімі навукоўцамі ў супрацоўніцтве з доктарам Сінціяй Абонай з Інстытута эвалюцыі ў Мендасе (Аргенціна), былі апублікаваны ў часопісе RoyalSocіety Open Scіence.

Аналіз ДНК жывёлы паказаў, што яна сілкавалася разам са старажытнымі жыхарамі Патагоніі, якія займаліся паляваннем і збіральніцтвам, і жыла разам з імі ў адным паселішчы. Ліса, якая належала да цяпер вымерлага віду Dusіcyon avus, была сярэдняга памеру і важыла 10-15 кілаграмаў. Вымерлі гэтыя жывёлы каля 500 гадоў таму, неўзабаве пасля таго як канкістадоры завезлі з сабой у Патагонію хатніх сабак. Астанкі яшчэ адной лісы таго ж вымерлага віду былі знойдзены ў значна больш старажытнай магіле, у другой частцы Аргенціны, амаль 10 гадоў таму. Магчыма, гэта таксама была прыручаная жывёла, аднак адпаведны аналіз костак праведзены не быў.

«Гэта вельмі рэдкая знаходка: падобна, людзям з першабытнай абшчыны гэтая ліса была па-сапраўднаму блізкая, — кажа Афелі Лебрасер з Археалагічнай школы Оксфардскага ўніверсітэта. — Не думаю, што сувязь гэтая была чыста сімвалічнай; хутчэй у жывёле сапраўды бачылі блізкага сябра, таварыша».

Астанкі лісы былі знойдзены ў старажытным могільніку Каньяда-Сека ў Аргенціне. Тут некалі жылі групы паляўнічых-збіральнікаў. Раней у старажытных чалавечых пахаваннях па ўсёй Аргенціне і Перу ўжо неаднаразова знаходзілі зубы дзікіх лісіц, з чаго была зроблена выснова аб сімвалічным значэнні гэтай жывёлы для мясцовых абшчын. Аднак выяўленне амаль поўнага шкілета лісы ў чалавечай магіле — для сусветнай археалогіі з’ява вельмі рэдкая.

Захар Бурак
Звязда, 10 траўня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/30/74477
Текущая дата: 20.11.2024