7 красавіка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага дзяржаўнага дзеяча Кірыла Мазурава.
Мазураў быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага падполля і партызанскага руху ў Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама савецкім партыйным і дзяржаўным дзеячам. З яго імем звязаны значныя поспехі беларускага народа ў развіцці эканомікі, навукі і культуры ў 1953-1965 гадах.
Кірыл Трафімавіч Мазураў нарадзіўся 7 красавіка ў 1914 годзе ў вёсцы Рудня-Прыбыткоўская (цяпер вёска ў Гомельскай вобласці). Выхоўваўся ў сям’і селяніна, быў малодшым з шасцярых дзяцей. Скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум, Вышэйшую партыйную школу пры ЦК ВКП(б).
Пасля заканчэння тэхнікума Мазураў служыў у Чырвонай Арміі (1936-1939 гады), працаваў у палітаддзеле Беларускай чыгункі ў горадзе Гомель. У 1939 годзе яго накіравалі на працу ў камсамол: ён быў загадчыкам аддзела Гомельскага гаркама. Затым — першым сакратаром Гомельскага гарадскога камітэта ЛКСМ і першым сакратаром Брэсцкага абкама ЛКСМ.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Мазураў стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Беларусі. Служыў палітруком роты, камандзірам батальёна, інструктарам палітаддзела 21-й арміі (падпалкоўнікам). Яго накіравалі ў Маскву на навучанне, пасля вучобы быў накіраваны ў якасці прадстаўніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў партызанскія атрады Мінскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Брэсцкай абласцей. Таксама ён з’яўляўся членам Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б, сакратаром ЦК ЛКСМ Беларусі. Ён адыграў вялікую ролю ў наладжванні агітацыйна-прапагандысцкай работы ў захопленай немцамі Беларусі, у прыватнасці, у арганізацыі выдання рэспубліканскіх газет «Звязда» і «Чырвоная змена».
У пасляваенны час — другі, а потым першы сакратар ЦК ЛКСМ Беларусі, першы сакратар Мінскага гаркама, затым першы сакратар Мінскага абкама партыі, старшыня Савета Міністраў, першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі. Кірыл Трафімавіч Мазураў — Герой Сацыялістычнай працы, узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Дружбы народаў, медалямі.
Дзякуючы яго ініцыятыве былі вырашаны важныя для краіны пытанні будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў, навучальных устаноў, арганізацый культуры. Шмат сіл ён аддаў аднаўленню і добраўпарадкаванню Мінска, развіццю іншых гарадоў. Па яго прапановах у сацыяльнай сферы за 1962-1964 гады больш за 300 тыс. жыхароў рэспублікі атрымалі новыя кватэры або змаглі палепшыць жыллёвыя ўмовы. Ён быў адным з ініцыятараў будаўніцтва Палаца піянераў і школьнікаў у Мінску, кінатэатра «Піянер», аздараўленчага лагера для школьнікаў «Зубраня» на возеры Нарач.
Мазурава заўсёды хвалявала пытанне захавання і ўвекавечання памяці загінуўшых на вайне, дзякуючы яго актыўнай пазіцыі ў рэспубліцы з’явілася шмат мемарыялаў, абеліскаў, музеяў. Акрамя таго, былі адноўлены добрыя імёны кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў мінскага падполля.
Апошнія гады жыцця прысвяціў станаўленню і ўмацаванню новай ветэранскай грамадскай арганізацыі Беларусі. Аўтар кнігі ўспамінаў «Незабыўнае».
Памёр Мазураў 19 снежня 1989 года. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках. Адна з вуліц Мінска носіць яго імя, а на доме, у якім жыў Мазураў, і на будынку Гомельскага аўтадарожнага тэхнікума, дзе ён вучыўся, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. У 2018 годзе адбылася прэзентацыя кнігі «Кірыл Мазураў. Пра што маўчаў час...». Аўтарам стала беларуская пісьменніца Наталля Голубева. Кніга выпушчана выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» па заказу і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Звязда, 7 красавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/37/73598
Текущая дата: 20.11.2024