Католікі адзначаюць Уваход Гасподні ў Іерусалім, ці Вербную (Пальмавую) нядзелю. У храмах у Гродне, як і па ўсёй Беларусі, праходзяць богаслужэнні.
У апошнюю нядзелю Вялікага посту, за тыдзень да Вялікадня, вернікі хрысціяне святкуюць урачысты ўваход Ісуса Хрыста ў Іерусалім напярэдадні сваіх хросных пакут. Касцёл трактуе гэтую падзею як самаахвяраванне Сына Божага ў імя адкуплення грахоў свету, а таксама як выкананне наканаванага прароцтва аб царскім служэнні Хрыста.
У гэты дзень больш за дзве тысячы гадоў таму юдэі, якія прыйшлі на свята Вялікадня, сустрэлі Ісуса як месію, прарока і вялікага цудатворца. Дарослыя і дзеці спявалі і радаваліся, высцілалі дарогу пальмавымі галінамі, усклікаючы: «Гасанна Сыну Давідаву!» Галіны палестынскай пальмы, якія сімвалізуюць вялікую радасць, зараз замяніла вярба, адсюль і назва — Вербная нядзеля.
Сёння традыцыя прыносіць у храм галінкі вярбы, таксама і самі храмы ўпрыгожваюць зелянінай, прыпадабняючыся сучаснікам Госпада Ісуса Хрыста. У гэты дзень яны клалі на дарогу, па якой ішоў месія, кветкі і галіны пальмы — менавіта з такімі ўшанаваннямі прынята было сустракаць цароў.
«Пальмавая нядзеля — гэта не толькі такі прыгожы рознакаляровы фальклор, гэта не толькі прыгожыя вербачкі, якія людзі актыўна прыносяць у нашы храмы. Гэта нешта большае павінна быць для чалавека. Пальмавая нядзеля — гэта, можна сказаць, духоўная брама, якая адкрываецца перад намі. Калі мы ў іх уваходзім, перад намі адкрываецца гарызонт гарачага тыдня. І пасля Пальмавай нядзелі ўжо кожны дзень тыдня будзе вялікі, калі мы будзем перажываць самыя глыбокія таямніцы нашай веры», — сказаў прэс-сакратар Гродзенскай каталіцкай епархіі Юрый Марціновіч. Ён дадаў: «Таму хацелася б, каб сапраўды было ажыўленне веры ў нашых людзей, але не толькі ў гэты дзень, а каб яны верылі кожны дзень». Калі будуць вернікі, якія любяць Бога, якія ходзяць у храм, то і сем’і будуць станавіцца лепшымі, разам будзе развівацца і краіна, упэўнены Юрый Марціновіч.
У касцёл сёння прыйшла жыхарка гродзенскага мікрараёна Баранавічы Юлія разам з дачкой і сынам. «Раней мы ездзілі ў найбліжэйшую вёску Адамавічы або ў цэнтр, у Фарны касцёл. Цяпер у нашым мікрараёне з’явіўся прыход, будуецца касцёл, таму прыходзім сюды. На Вербніцу прыходзім заўсёды з дзецьмі, гэта важнае свята, заўсёды шмат людзей», — падзялілася яна .
«Мы таксама сустракаем Пана Ісуса ў Вербніцу. Таксама яго хочам павітаць у сваім жыцці і паказаць прыклад сваім дзецям, расказаць, як было. А яшчэ паказаць, што Бог будзе заўсёды на першым месцы і заўсёды будзе ўрачыста ўваходзіць у наша жыццё, як у Іерусалім», — сказалі Вольга і Барбара, якія прыйшлі на свята разам з сынам і ўнукам Міхаілам.
Звязда, 24 сакавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/40/73309
Текущая дата: 20.11.2024