Пра гэта паведаміў 6-га верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка.
Прэм`ера оперы "Саламея" ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, якая павінна была адбыцца 9—10 верасня, перанесеная. Адкрыццё тэатральнага сезона ў Вялікім пераносіцца на 11 верасня.
Паводле яго слоў, перанос звязаны з адкрытым лістом групы праваслаўных грамадзян на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, генпракурора, членаў "святога сінода Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы".
Тэкст ліста апублікаваны на сайце odigitria.by.
Прэм`ера называецца ў лісце "чарговым блюзнерствам пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь". "Дэталёва вывучыўшы ў электронных энцыклапедыях і іншых крыніцах інфармацыі сутнасць скандалаў вакол оперы "Саламея" ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя", аўтары ліста прыйшлі да высновы, што пастаноўка гэтай оперы з`яўляецца: "блюзнерствам"; "здзекам з памяці Хрысціцеля Іаана, дзёрзкай антыхрысціянскай, антыцаркоўнай (антыклерыкальнай) дзеяй, якая парушае рашэнне многіх хрысціянскіх канфесій забараніць выводзіць на сцэну біблейскіх персанажаў"; "абразай рэлігійных пачуццяў вернікаў", а таксама "крымінальным злачынствам, якое змяшчаюць прыкметы арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці)".
Аўтары ліста перакананыя, што прэм`ера і далейшы паказ оперы "павінны быць неадкладна забароненыя", бо "Саламея" — гэта "дзёрзкі выклік хрысціянам Беларусі і пагроза духоўнай бяспецы дзяржавы". У лісце апроч іншага змяшчаецца просьба да генпракурора "распачаць у дачыненні да галоўнага рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Міхаіла Панджавідзэ крымінальную справу па арт. 130".
Варта адзначыць, што пастаноўка "Саламеі" была ўхваленая Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленні парнаграфіі, насілля і жорсткасці, а таксама мастсаветам Міністэрства культуры па музычным мастацтве. Аб прэм`еры оперы быў праінфармаваны кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел.
Рэжысёр-пастаноўшчык оперы "Саламея" Міхаіл Панджавідзэ з`яўляецца ўладальнікам медаля Францыска Скарыны.
Як паведаміла вядучы рэдактар службы маркетынгу, інфармацыі і рэкламы Вялікага тэатра Алена Балабановіч, прэм`ера оперы "Саламея" ў Вялікім тэатры Беларусі перанесеная з 9 і 10 верасня на 18 і 19 кастрычніка адпаведна. Усе білеты сапраўдныя. Абвешчаны раней паказ спектакля "Саламея" на 14 кастрычніка пераносіцца на 20 кастрычніка.
Алеся Яновіч, БелаПАН
Мінск, 6 верасня 2018
Мінск, 6 верасня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/454/44829
Текущая дата: 20.11.2024