Узнаўленне першага беларускага "Буквара" — значная падзея ў культурным жыцці краіны, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы 6 верасня на ўрачыстай імпрэзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
На мерапрыемстве, прымеркаваным да 400-годдзя выдання першага ў свеце "Буквара славянскай мовы", былі прэзентаваныя факсімільная копія першага беларускага "Буквара" і экспазіцыя "Буквары народаў свету". Праект па выданні факсімільнай копіі буквара рэалізавала НББ пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі, пасольстваў Беларусі ў Вялікабрытаніі і Латвіі, а таксама Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і "Белінвестбанка". У працы над выданнем бралі ўдзел Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Лонданская бібліятэка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
На пытанне, каго з сучасных аўтараў ён бы вылучыў, Макей назваў Уладзіміра Арлова: "Ён робіць вельмі добрую справу і вельмі цікавыя кнігі выпускае і па змесце, і па афармленні. Мы перадалі іх некаторым нашым партнёрам, яны былі здзіўленыя, пазнаёміўшыся з гэтай кнігай, якая багатая і старажытная гісторыя ў Беларусі".
Першай у свеце кнізе пад назвай "Буквар" 24 ліпеня споўнілася 400 гадоў. Яна выйшла на царкоўнаславянскай мове ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўі. Кніга была выдадзеная на 52 аркушах кішэнным фарматам. У "Буквары" быў размешчаны славянскі алфавіт, прыклады складоў з двух і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічбаў, а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытання, якія ўключаюць рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/454/44832
Текущая дата: 20.11.2024