Па статыстыцы, асноўнымі ахвярамі палавога заражэння гэтай інфекцыяй становяцца маладыя людзі ва ўзросце 20–35 гадоў. Жанчыны заражаюцца ў пяць разоў часцей, чым мужчыны. І самае страшнае — хламідыёз вельмі цяжка і дыягнаставаць, і лячыць.
Вераломства бессімптомнаці
— Хламідыёз — інфекцыйнае хранічнае захворванне слізістых абалонак чалавека, якое часта развіваецца схавана. Акрамя мочапалавой сістэмы, інфекцыя можа паражаць слізістыя абалонкі іншых органаў — вока, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішэчнага тракта, а таксама суставы, — характарызуе інфекцыю ўрач-дэрматавенеролаг, загадчык дыспансернага аддзялення Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера Вячаслаў Рослік.
Узбуджальнікам хваробы з’яўляецца надзвычай маленькі мікраарганізм — хламідыя, які займае прамежкавае становішча паміж вірусамі і бактэрыямі.
Механізм перадачы інфекцыі кантактны — палавым і непалавым (бытавое заражэнне) шляхамі.
Хламідыйная інфекцыя можа працякаць з выяўленай сімптаматыкай, але часцей характэрная бессімптомная яе плынь. Прыкметы заражэння з’яўляюцца, як правіла, праз 10–14 дзён пасля палавой сувязі, часам пазней, прычым хворы не заўсёды адразу іх заўважае і нейкі час лічыць сябе здаровым.
— У пачатку захворванне працякае з сімптомамі запаленчага паражэння мочапалавой сістэмы: празрыстыя або мутнаватыя выдзяленні, перыядычныя рэзі пры мочаспусканні, сверб, якія ўзмацняюцца пасля прыёму вострай ежы і алкаголю. Прыкладна праз 2-3 тыдні пасля названых сімптомаў можа ўзнікнуць паражэнне вачэй: пачырваненне слізістай абалонкі, якое ўзмацняецца пры яркім святле, моцнае слёзацячэнне. Усё гэта можа знікнуць без лячэння, але праз некаторы час не выключана абвастрэнне, — кажа Вячаслаў Рослік.
Найбольш яркай прыкметай інфекцыі з’яўляецца запаленне суставаў. Прычым пашкоджвацца пераважна буйныя — каленныя, галёнкаступнёвыя, тазасцегнавыя, міжпазваночныя. Артрыт характарызуецца моцнымі болямі, прыпухласцю ў вобласці суставаў і пачырваненнем скуры над імі.
Аднак вострыя праявы хваробы звычайна працягваюцца ад двух месяцаў да паўгода, пасля чаго ў стане хворага надыходзіць паляпшэнне. Але знікненне прыкмет захворвання не сведчыць аб выздараўленні. Досыць хвораму пераахаладзіцца, прыняць алкаголь ці вострую ежу, як самаадчуванне ізноў пагаршаецца.
Без самалячэння!
Для дыягностыкі хламідыёзу неабходна правядзенне лабараторных даследаванняў, якія з’яўляюцца вызначальнымі ў пастаноўцы дыягназу.
— Дыягностыка праводзіцца рознымі метадамі: ІФА, ПЦР. У якасці матэрыялу для даследавання выкарыстоўваецца мазок з урэтры, цэрвікальнага канала, вока, а таксама кроў, — адзначае ўрач.
Лячэнне хламідыйнай інфекцыі і выкліканых ёй ўскладненняў павінна быць комплексным. З сучасных антыбактэрыяльных прэпаратаў, актыўных у дачыненні да хламідый з улікам біялагічных уласцівасцяў ўзбуджальніка прымяняюцца макраліды, тэтрацыкліны і фторхіналоны. Працяглая плынь і вялы характар захворвання выклікаюць зніжэнне імунітэту і патрабуюць прызначэння прэпаратаў, якія ўзмацняюць імунітэт, і сродкаў для стымуляцыі неспецыфічнай абароны.
Лячэнне хламідыёзу праводзіцца ў залежнасці ад клінічнай карціны ва ўролага, гінеколага, дэрматавенеролага і рэўматолага. Пры гэтым важна ўсведамляць, што ад хламідыёзу не існуе хатніх і народных сродкаў лячэння. Пры наяўнасці непрыемных сімптомаў абавязкова трэба звярнуцца да ўрача.
Алена Кравец
Звязда, 3 сакавіка 2024
Звязда, 3 сакавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/46/72961
Текущая дата: 20.11.2024