Белорусский портал в Казахстане

Паклоннікі Высоцкага збяруцца на бард-фестывалі пад Навагрудкам



Паклоннікі Уладзіміра Высоцкага з`едуцца на бард-фестываль, які пройдзе на возеры Літоўка пад Навагрудкам 21-22 ліпеня, паведамілі ў аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама.

Рэгіянальны фестываль-конкурс бардаўскай песні "Музыка сэрцаў" збярэ аматараў творчасці савецкага паэта, акцёра і аўтара-выканаўцы песень Уладзіміра Высоцкага пяты раз.

Месца правядзення фестывалю выбрана не выпадкова. Уладзімір Высоцкі жыў у Навагрудку ў час здымак фільма "Сыны ідуць у бой". Спачатку ён пасяліўся ў гасцініцы, затым перабраўся ў прыватны дом на беразе возера Літоўка, куды да яго прыехала Марына Уладзі. Яны былі натхнёныя хараством і гісторыяй навагрудскай зямлі. Марына Уладзі пісала ў сваіх успамінах, што менавіта тут нарадзіліся тэмы большасці песень ваеннага цыкла Высоцкага.

Адной з фішак фестывалю сёлета стане начная трансляцыя карціны "Сыны ідуць у бой". Кінаэкран будзе ўстаноўлены непасрэдна на беразе возера. "Галоўным жа на свяце па-ранейшаму застаюцца бардаўскія песні. У конкурснай праграме прымуць удзел выканаўцы з усёй краіны", - расказалі ў аддзеле культуры.

Запланаваны культурныя мерапрыемствы і ў самім райцэнтры. У другі дзень мерапрыемства ў гасцініцы адкрыецца музычны салон "Струна, што гучыць вершамі".

Размесціцца ён у нумары-музеі, дзе аднавілі атмасферу 50-гадовай даўніны. Цікава, што гэты незвычайны нумар можна зняць. На працягу двух святочных дзён будзе адкрыты палатачны гарадок, разгорнуцца спартыўная, забаўляльная і дзіцячая пляцоўкі, адкрыюцца тэматычныя кніжныя і фотавыстаўкі, пункты выязнога гандлю. Завершыцца фестываль канцэртам гасцей і пераможцаў конкурсаў розных гадоў.

Кожную гадзіну ад аўтавакзала ў Навагрудку да месца свята будзе курсаваць аўтобус.

18 ліпеня 2018, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/465/44226
Текущая дата: 20.11.2024