Белорусский портал в Казахстане

Лідзкія ўлады правядуць раскопкі на месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году



Мясцовыя актывісты супраць, бо, на іх думку, раскопкі маюць праводзіць археолягі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, а не вайсковы пошукавы атрад.

Лідзкія ўлады правядуць раскопкі на месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы.

«Мэмарыял паўстанцам узьведзены намі на свае сродкі, і ніякія ўлады ні ў чым не дапамагалі»

На месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году ў Лідзкім раёне паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы, дзе ў міжваенны час знаходзіўся фальварак Шчытна, мясцовыя актывісты ўпарадкавалі сапраўдны мэмарыял.

Цяпер тут стаяць два вялікія драўляныя крыжы і валун з надпісам «Невядомым паўстанцам».

«Крыжы на магілах паўстанцаў былі пастаўленыя ў 1995 годзе, а валун летась, — кажа актывіст Вітольд Ашурак. — Прычым мы ўсё тут зрабілі сваімі рукамі і на свае сродкі, ніякія ўлады нам ні ў чым не дапамагалі. Нехта прывозіў цэмэнт, нехта пясок, арандавалі генэратар на свае грошы».

«Яны шукаюць падставаў, каб зьнішчыць мэмарыял паўстанцам»
Сябра Таварыства беларускай мовы і рэдактар газэты «Наша слова» Станіслаў Суднік быў у выканкаме, дзе яму сказалі, што хочуць пераканацца, ці насамрэч там пахаваныя паўстанцы. Суднік, у сваю чаргу, выказаў уладам свой пратэст супраць раскопак на месцы пахаваньня паўстанцаў.

Ён кажа, што ўсе мясцовыя людзі добра ведаюць, што там пахаваныя менавіта паўстанцы. У міжваенны час уладальнік фальварку Шчытна паставіў у іх гонар крыж, людзі пераказвалі гэта з пакаленьня ў пакаленьне, і туды заўсёды прыходзілі местачкоўцы, каб ушанаваць памяць паўстанцаў.

«Я супраць раскопак і таму, што іх зьбіраюцца праводзіць не адмыслоўцы з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, а нейкі пошукавы атрад», — кажа Суднік.

Паводле яго, некаму ва ўладных структурах вельмі карціць зьнішчыць мэмарыял, які знаходзіцца ў чыстым полі, каб наагул сьцерці памяць пра паўстанцаў.

Аддзел ідэалёгіі Лідзкага райвыканкаму: раскопкі будуць праводзіцца згодна з плянам

У аддзеле ідэалёгіі Лідзкага райвыканкаму мяркуюць, што на месцы мэмарыялу паўстанцам ёсьць вайсковае пахаваньне Першай усясьветнай вайны.

Маўляў, раскопкі праводзяцца згодна з плянам палявых пошукавых работ. Райвыканкам сумесна з ваенкаматам склаў інфармацыйны ліст, які накіроўваецца ў Міністэрства абароны ва ўпраўленьне па ўвекавечваньні.

— Таму спэцыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны будзе выконваць гэтыя працы, — сказаў прадстаўнік аддзелу ідэалёгіі.

— Але, паводле мясцовых актывістаў, там пахаваныя паўстанцы 1863 году.

— А ў чым пытаньне? Гэта ж ня чорныя капальнікі, раскопкі праводзяць адмыслоўцы. Калі гэта будуць не ахвяры вайны і не вайскоўцы, магчыма, да гэтага далучацца і археолягі, і навуковыя супрацоўнікі. Калі там будуць знойдзены парэшткі, гэтаму месцу будзе нададзены афіцыйны статус як пахаваньня. Але гэта будзе па выніках працаў, гледзячы на тое, знойдуць нешта ці не, — сказалі ў аддзеле ідэалёгіі.

Раскопкі будуць праведзеныя з 11 чэрвеня па 19 кастрычніка.
«Лідзкі райвыканкам рашэньне аб правядзеньні прац ужо прыняў», — сказалі ў райвыканкаме.

У 1863 годзе паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы адбыўся бой паміж касінерамі атраду Нарбута ды расейскім войскам. Тут загінулі тры дзясяткі паўстанцаў.

З нагоды 150-й гадавіны паўстаньня Кастуся Каліноўскага на Лідчыне агучылі сьпісы паўстанцаў 1863 году зь Лідзкага павету. У іх 388 прозьвішчаў, знойдзеных краязнаўцамі і супрацоўнікамі мясцовага музэю.

Радыё Свабода, 19 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/472/43873
Текущая дата: 20.11.2024