Падчас цырымоніі адкрыцця прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі, прайшліся па горадзе і прэзентавалі свае касцюмы, нацыянальныя танцы і традыцыі.
Фестываль нацыянальных культур, які па маляўнічасці можна параўнаць з бразільскім карнавалам, стартаваў у Гродне ўвечары 1 чэрвеня. Свята пачалося з традыцыйнага шэсця, падчас якога ўдзельнікі паказалі свой тэмперамент, касцюмы і нацыянальныя традыцыі.
Цырымонія адкрыцця ўжо ў 12-ы раз пачалася з маляўнічага вясёлага шэсця. З кожным годам яно збірае ўсё больш удзельнікаў розных нацыянальнасцяў. Прадстаўнікі кожнай дыяспары падрыхтавалі кароткія прэзентацыі.
Тут былі запальныя кубінскія, шумныя цыганскія, хвалюючыя індыйскія і тэмпераментныя іспанскія танцы, па-ўсходняму філасофскія кітайскія. Госці ўбачылі маляўнічыя нацыянальныя касцюмы і паслухалі нацыянальныя песні.
Тэатралізаваную калону ўзначалілі тры заслужаныя гродзенскія прыгажуні і беларус з беларускай у святочных нацыянальных касцюмах. За іх спінамі махаў крыламі белы бусел, упрыгожаны сімволікай фестывалю.
У гэтым годзе ў шэсці бралі ўдзел 36 нацыянальнасцяў. Да яго ўпершыню далучыліся чувашы і кубінцы. Традыцыйна пранеслі і палатно з кветачкай-сямікветачкай — сімвалам Фестывалю нацыянальных культур.
Асноўны дзень фестывалю і самыя палымяныя гулянні будуць праходзіць 2 чэрвеня на нацыянальных падворках, якія размяшчаюцца ў цэнтры горада. На цэлы дзень Гродна ператворыцца ў вялікую святочную пляцоўку. Самай шматлікай і вялікай з іх абяцае быць беларуская, якая разгорнецца на ўсю плошчу Леніна.
У першы дзень фестывалю адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка князю Давыду Гарадзенскаму.
Гродна, 2 чэрвеня 2018
Sputnik, Іна Грышук
Sputnik, Іна Грышук
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/476/43638
Текущая дата: 19.11.2024