Храм зачынілі на два тыдні ў мэтах бяспекі, аднак работы па мантажы працягнуцца даўжэй - не менш за паўтара месяца.
Касцёл Успення Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава ў Магілёве зачынілі, але ненадоўга. У храме вядзецца ўстаноўка сапраўднага механічнага аргана.
У мэтах бяспекі прыхаджан на час узняцця канструкцый музычнага інструмента на хоры было прынята рашэнне спыніць працу касцёла ў звычайным рэжыме з 8:00 да 19:30. Па звыклым раскладзе праводзіліся толькі набажэнствы. Але рашотцы на дзвярах каталіцкія вернікі былі толькі рады — для іх гэта доўгачаканая падзея.
"Калі загучыць новы арган у касцёле — гэта стане сапраўднай гістарычнай падзеяй для нас. Мы чакалі і, нарэшце, дачакаліся", — распавёў вернік Яўген.
Старадаўні арган даставілі ў Магілёў яшчэ ў лютым гэтага года. Да гэтага часу, як таго патрабуе тэхналогія, ён "спаў" у сценах касцёла і прызвычайваўся да мясцовых кліматычных умоў. І вось, нарэшце, пачаліся мантажныя працы.
Да нядаўняга часу ў каталіцкім храме Успення Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава выкарыстоўваўся электронны арган. Яго даўно марылі замяніць на сапраўдны. Як вядома, да ўсталявання ў горадзе савецкай улады ў касцёле гучаў механічны арган з рэдкімі керамічнымі трубкамі. Ён быў неверагодна каштоўны. Па звестках мясцовых гісторыкаў, на той момант такіх інструментаў у свеце было толькі чатыры: у Рыме, Варшаве, Мехіка і Магілёве. У 1956 годзе касцёл быў зачынены, пасля чаго арган разабралі. Пасля ён бясследна знік.
На гэты раз механічны арган прывезлі ў Магілёў з Нідэрландаў. Ён быў выраблены ў 1928 годзе і з`яўляецца 47-м творам вядомага майстра Леона Верс Хуэрэн дэ Хэйт Хусэна. Інструмент выкананы ў гатычным стылі.
Як паведамілі ў касцёле, працы па мантажы працягнуцца не менш як паўтара месяца. Тэрміны арыенціровачныя. Усё залежыць ад таго, наколькі ўдала пойдзе зборка старадаўняга інструмента. Акрамя таго, гэта будзе не проста мантаж, а рэстаўрацыя канструкцый аргана. Яе праводзіць запрошаны спецыяліст з Польшчы.
"Нюансаў шмат. Але хацелася б паспець урачыста адсвяткаваць адкрыццё 15 жніўня. Гэта дзень урачыстасці прыходу Успення Прасвятой Багародзіцы. У гэтую дату папярэдне і плануем правесці інаўгурацыю, гэта значыць выкананне на аргане першага твора", — распавёў Sputnik ксёндз Юзаф.
Касцёл пасля двух тыдняў яго закрыцця сёння працуе зноў у ранейшым рэжыме. Час, калі жыхары і госці Магілёва змогуць цалкам адчуць усю прыгажосць арганнай музыкі, ужо блізка.
Марыя Зуева, Магілёў
Sputnik, 1 чэрвеня 2018
Sputnik, 1 чэрвеня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/477/43624
Текущая дата: 19.11.2024