Белорусский портал в Казахстане

Міжнароднае свята "Браслаўскія бліскавіцы" пройдзе 26-27 мая



Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры.

Міжнароднае свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія бліскавіцы" пройдзе 26-27 мая ў Браславе Віцебскай вобласці. У праграме першага дня фестывалю - конкурс харавых калектываў Віцебскай вобласці, урачыстае шэсце, канцэрты з удзелам прафесійных і аматарскіх калектываў з Беларусі і замежных краін (Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі).

Увечары 26 мая на пляцоўцы старажытнага гарадзішча "Замкавая гара" адбудзецца свята сярэдневяковай культуры "Меч Брачыслава" з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, вулічнага тэатра "Гістрыён" і фалк-групы "Літы Талер" (Мінск).

У другі дзень фестывалю пройдзе заключны гала-канцэрт і выступленне ганаровых гасцей форуму Тэатра народнай песні і танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў. На працягу святочных дзён будзе працаваць "Браслаўскі фальварак" з прэзентацыямі сельскіх падворкаў, рамеснымі радамі, выстаўкамі-продажамі прадпрыемстваў Браслаўскага раёна.

Увечары на беразе маляўнічага возера Дрывяты адбудзецца фестываль-конкурс "Танец ветру". У неба ўзнімуцца паветраныя змеі.

Фестываль "Браслаўскія бліскавіцы" з`яўляецца адным з найстарэйшых у Беларусі, свой 50-гадовы юбілей ён адзначыў у 2017 годзе.

Мерапрыемства праходзіць у статусе міжнароднага з 2009 года. Арганізатарамі свята з`яўляюцца Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт, Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры.

24 мая 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/479/43652
Текущая дата: 19.11.2024