Удзел у маштабным мерапрыемстве, арганізаваным Нацыянальнай акадэміяй навук, возьмуць вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Эстоніі, Расійскай Федэрацыі, Украіны і Балгарыі.
Праграма форуму ўключае правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі “Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs сучасная інтэрпрэтацыя”,круглага стала на тэму “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”, паказ беларускіх анімацыйных фільмаў-казак, аўдыёэкспазіцыю аўтэнтычных беларускіх казак з Калекцыі фальклорных запісаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
У першы дзень перад удзельнікамі форуму выступяць майстры казкавага жанру, носьбіты традыцыі Соф’я Міхайлаўна Каток з вёскі Пласток Любаньскага раёна, Людміла Фёдараўна Глухатарэнка з вёскі Санюкі Ельскага раёна, Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна. Таксама пройдзе прэзентацыя фальклорнага зборніка тэкстаў з Любаньскага раёна “Казка з быллю напалову”. На працягу дня будзе працаваць выстава дзіцячых малюнкаў па тэматыцы форуму.
На другі дзень удзельнікі і госці атрымаюць магчымасць пазнаёміцца бліжэй з “Калыханкай” — найстарэйшай штодзённай вячэрняй дзіцячай перадачай на Беларускім тэлебачанні, першы выпуск якой пабачыў свет у студзені 1981 года.
Казачны эпас – найбуйнейшы здабытак беларускай нацыянальнай культуры, які і сёння захоўвае сваё эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Беларускія казкі, трывала ўбудаваныя ў сусветную казкавую скарбніцу, характарызуюцца шэрагам асаблівасцяў на розных узроўнях – сюжэтна-вобразным, матыўным, а таксама вылучаюцца мовай, якая набывае асаблівы каларыт і выразнасць. Традыцыі казачнай літаратуры ў жыцці беларускага народа вельмі моцныя і трывалыя. І ўсё ж сучасныя цывілізацыйныя працэсы адсоўваюць казку на перыферыю прыгожага пісьменства. Таму ёсць патрэба акцэнтаваць важнасць мастацтва казкі для грамадства ў цэлым і для асобы — у прыватнасці.
Арганізатарам форуму выступіў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
Надзея Нікалаева
Звязда, 14 мая 2018
Звязда, 14 мая 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/480/43440
Текущая дата: 19.11.2024