Белорусский портал в Казахстане

Будызм, эротыка і спонсары: пра што яшчэ пісаў у сваіх кнігах Скарына



Навошта Францыск Скарына перакладаў на царкоўнаславянскую мову любоўныя прыгоды цара Саламона? Ці праўда, што першадрукар здаваў свае выданні на макулатуру?

Сімвалічным пачаткам беларускага кнігадрукавання ў 1517 годзе стала Біблія, але мала хто ведае, што самым плённым для першадрукара стаў не гэты, а наступны год.

Алеся Шаршнёва пагутарыла з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесем Сушай пра невядомыя, але не менш цікавыя старонкі скарынаўскай кніжнай спадчыны.

Першы беларускі эксперыментатар

У 1518 годзе Скарына пачаў эксперыментаваць над сваімі выданнямі. Магчыма, таму гэты год стаў самым плённым для першадрукара — свет убачылі "Эклезіяст", "Песня песняў", "Кнігі царстваў" і іншыя.

Большасць з гэтых кніг, дарэчы, у галоўнай бібліятэцы краіны захоўваецца ў арыгіналах. Навукоўцы падкрэсліваюць іх унікальнасць таму, што скарынаўскія выданні захаваліся ў Беларусі дрэнна і ўвогуле прадстаўлены вельмі фрагментарна.

І хаця зараз друк у два колеры, выкарыстанне знакаў прыпынку, з`яўленне тытульнага аркуша ці гульня з формай тэксту успрымаюцца як звычайная справа, на той час гэта сапраўды было прарывам.

"Кнігі Скарыны не былі фаліянтамі ці шматтоннымі кнігамі, як гэта здаецца многім. Іх фармат — чацвёртая доля друкарскага аркуша, што на той час было наватарскай прапановай для выдання біблейскіх кніг", — тлумачыць Алесь Суша.

Увогуле, беларускі першадрукар зрабіў усё магчымае, каб кнігі сталі даступнымі для многіх людзей, а не толькі для прывілеяваных слаёў грамадства.

Выданні, напрыклад, друкаваліся без цвёрдай вокладкі. Уладальнік купляў унутраную частку і мог зусім яе не пераплятаць або рабіў пераплёт у адпаведнасці са сваімі густам і фінансавымі магчымасцямі.

Багатыя людзі ўласную бібліятэку афармлялі ў адзіным стылі — вокладкі кніг былі аднаго колеру і з аднаго матэрыялу — дрэва, скуры, пергаменту, радзей — з кардону ці паперы.

Любоўны трохкутнік у скарынаўскім перакладзе
"Песня песняў" — гэта гісторыя кахання цара Саламона да пастушкі, якая была закаханая ў мясцовага пастуха. Па Біблейскіх паданнях, аўтарства кнігі пра любоўны трохкутнік належыць самому цару, магчыма, таму ў арыгінальным тэксце шмат натуралізму  і нават эротыкі.

Друкар-эксперыментатар паспрабаваў патлумачыць сэнс тэксту з пункту гледжання тэалогіі свайго часу і пераклаў яго праз алегорыю: Саламон — гэта Хрыстос, а сялянка — царква. Такім чынам, эратычная гісторыя стала ўвасабленнем рэлігійнай стрыманасці.

"Песня песняў" — гэта помнік старажытнаяўрэйскага пісьменства, які паказвае не толькі вельмі высокі ўзровень літаратуры тысячагадовай даўніны, але і талент нашага асветніка", — падкрэслівае Алесь Суша.

Даследчыкі лічаць, што свой пераклад Скарына зрабіў на падставе чэшскага перакладу Венецыянскай Бібліі 1506 года. З чэшскай мовы ён пераклаў кнігу на старабеларускую, але ў так званай царкоўнай рэдакцыі: многія словы вельмі падобныя да царкоўнаславянскай мовы.

Дарэчы, самы вядомы пераклад "Песні песняў" на беларускую мову зрабіў Васіль Сёмуха, і аздоблены ён гравюрамі знакамітага мастака Арлена Кушкарэвіча, змест якіх таксама даволі далёкі ад сціпласці.

Будысцкая мудрасць па-беларуску

Калі параўноўваць "Эклезіяст" з "Песняй песняў" — гэта супрацьлеглы варыянт. Лічыцца, што аўтарства выдання таксама належыць Саламону. Алесь Суша ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку гэта малаверагодна з-за вялікай колькасці храналагічных адыходжанняў.

"Фактычна, гэта будысцкі трактат, па якім каханне, страсці, радасці і любыя пачуцці — гэта няправільна. Арыгінальны тэкст песімістычны і фаталістычны. У гэтай кнізе мы маем справу з фатальным поглядам на тое, што ў жыцці шмат праблем і цяжкасцей і цёмны бок заўсёды перамагае", — тлумачыць навуковец.

Скарыне давялося папрацаваць, каб паказаць, што гэта суб`ектыўны погляд. Сваё тлумачэнне ён традыцыйна прадстаўляе ў прадмове і праяўляе сябе як таленавіты багаслоў і пісьменнік. Індывідуальны падыход першадрукара робіць бессюжэтны тэкст больш простым для разумення.

Змест быў такі складаны, што немагчыма было нават падабраць да яго ілюстрацыі. Скарына размясціў у кнізе гравюру — сустрэча цара Саламона з царыцай Саўскай, але ніякага дачынення да "Эклезіяста" ілюстрацыя не мае.

"Часам праводзяць некаторыя паралелі паміж гэтым і будысцкімі тэкстамі. Кнігу можна аднесці да катэгорыі кніг мудрасці, таму што яна змяшчае філасофскія разважанні пра сэнс жыцця і ролю чалавека ў свеце", — дадае Алесь Суша.

Скарына прадаваў свае выданні на макулатуру?

Прызначаўся "Эклезіяст" для калялітургічнага ўжытку — гэта царкоўная кніга, хаця яе і не чытаюць падчас службаў. Дарэчы, у склад біблейскіх тэкстаў "Эклезіяст" уключаць не хацелі, таму што ён быў не такім рэлігійным у параўнанні з астатнімі выданнямі.

Даследчык патлумачыў, што кнігі пражскага перыяду працы Скарыны адносяцца да Старога Запавету ці, як кажуць, да яўрэйскай Бібліі, таму ў хрысціянстве яны вельмі часта ўспрымаліся як другасныя ў параўнанні з кнігамі Новага Запавету.

Адносна нядаўна ў Вроцлаве знойдзены чатыры аднолькавыя аркушы з гэтай кнігі. Гэта выклікала шэраг дыскусій у навуковай супольнасці. Выказваліся нават меркаванні, што Скарына прадаваў свае выданні на макулатуру.

"Аркушы, хутчэй за ўсё, паказваюць нам, што ў Празе кнігі не сшываліся. Там Скарына іх толькі друкаваў, складваў у стосы і адпраўляў сшываць у ВКЛ", — патлумачыў Суша.

Сабор Святога Віта ці Храм Саламона?

Адно з самых спрэчных і цікавых выданняў Скарыны па меркаваннях даследчыкаў — "Кнігі царстваў". Дагэтуль ідуць спрэчкі, адна гэта кніга ці чатыры.

Алесь Суша схіляецца да другога варыянту, бо кожная кніга мае свой асобны тытульны аркуш і ўласную прадмову.   

Калі зноў кранаць тэму адаптацыі біблейскіх тэкстаў для сучаснікаў, варта ўзгадаць адну з гравюр, на якой паказана будаўніцтва храма ў Ерусаліме.

"Гэты храм натуральна выглядаў не так. Скарына на гравюры паказвае храм так, як ён будаваўся не ў часы Саламона, а ў яго часы — гэта класічная архітэктура пачатку XVI стагоддзя. Прыблізна ў той час ішло будаўніцтва касцёла Святога Віта ў Празе, які якраз падобны на тое, што мы тут бачым", — дадае спецыяліст.

Дарэчы, кнігі трапілі ў бібліятэку да 400-годдзя беларускага кнігадрукавання. Выданні, якімі раней валодаў расійскі род Цевяшовых, былі куплены ў Ленінградзе за дзяржаўныя грошы.

Чым танней, тым лепей

Яшчэ адно эксперыментальнае выданне пражскага перыяду "Кніга мудрасці божай". Кніга класічнай структуры з прыгожымі гравюрамі і адмысловым скарынаўскім шрыфтам.

На тытульнай старонцы ўзгадваецца спонсар — Багдан Онкаў. Скарына не саромеўся на галоўных старонках сваіх кніг, якія размяшчаліся ў пачатку і канцы, пісаць пра сябе і тых, хто аказваў яму фінансавую падтрымку.

Зараз можна толькі здагадвацца, колькі каштавалі кнігі ад першадрукара. Дакладнага кошту са скарынаўскіх часоў не захавалася, але ёсць звесткі з дакументаў XVI-XVIІІ стагоддзяў пра тое, што выданні перадавалі ў спадчыну ці прадавалі. Сумы ўзгадваюцца самыя розныя — ад двух-трох рублёў да некалькіх соцень. Адна і тая ж кніга магла каштаваць па-рознаму, і ад чаго гэтага залежала, даследчыкі толькі здагадваюцца.

Ясна толькі адно: Скарына рабіў усё магчымае, каб зрабіць кнігі таннымі. Першадрукар заўсёды падкрэсліваў, што стварае іх "людзям паспалітым дзеля добрага навучання".

Sputnik, 4 мая 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/483/43330
Текущая дата: 19.11.2024