Белорусский портал в Казахстане

Удзельнікі сходу грамадскасці заявілі пра ролю БНР для станаўлення беларускай нацыі



У дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі беларуская нацыя нарадзілася зноўку, заявіў на сходзе грамадскасці 25 сакавіка ў Мінску старшыня аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР мастак Мікола Купава.

Урачысты сход наведала некалькі соцень прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці — грамадскія і культурныя дзеячы, палітыкі, лідары меркаванняў, а таксама замежныя дыпламаты, у тым ліку з пасольстваў ЗША, Украіны і краін Еўрасаюза.

Нягледзячы на запрашэнне, на сход не з`явіліся ні міністр замежных спраў Уладзімір Макей, ні іншыя прадстаўнікі МЗС.

"Мы сабраліся літаральна за некалькі гадзін да таго моманту, як 100 гадоў таму вялікая Рада абвясціла ўсяму свету пра стварэнне новай дзяржавы ў Еўропе, якой стала Беларуская Народная Рэспубліка, — сказаў Купава. — Хтосьці кажа, што БНР быццам бы не рэалізавалася, што быў цэлы шэраг праблем, якія не дазволілі ёй ажыццявіцца ў поўнай меры. Але мы сёння павінны сказаць, што БНР паўстала дзякуючы волі народа... Фактычна адбылося новае нараджэнне нацыі, паколькі ўсе народныя пласты марылі аб тым моманце, калі адбудзецца абвяшчэнне незалежнасці беларускай рэспублікі, адраджэнне беларускай дзяржаўнасці ў любой форме. <...> БНР стала новым ідэалам, які ў далейшым паслужыў справе стварэння Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе".

У сваю чаргу былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Мечаслаў Грыб адзначыў, што ён "рос і жыў у краіне, якая ўсяляк адмаўляла дасягненні Беларускай Народнай Рэспублікі". Аднак, падкрэсліў ён, "гістарычную праўду схаваць нельга", рана ці позна яна "выходзіць на паверхню, і сёння яна выйшла".

Грыб заявіў, што ён ганарыцца тым, што яму давялося працаваць над Канстытуцыяй 1994 года, а пазней падпісаць яе, зрабіўшы Асноўным законам Беларусі. Былы спікер беларускага парламента ганарыцца тым, што "Канстытуцыя зацвердзіла суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, ўстанавіла і зацвердзіла нацыянальную сімволіку — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня", зрабіла беларускую адзінай дзяржаўнай мовай".

"Наш Вярхоўны Савет, які прыняў Канстытуцыю, зрабіў тое, што спрабавалі зрабіць стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, — падкрэсліў ён. — Мы вельмі ўдзячныя ім за тое, што яны былі першымі, хто падняў пытанне [аб незалежнай беларускай дзяржаве], хто сказаў пра гэтым, хто першы паспрабаваў гэта зрабіць. У іх былі ўмовы значна цяжэйшыя, чым у нас. Мы скончылі іх працу".

"Тое, што мы з вамі сёння сабраліся, не значыць, што мы перамаглі. Але мы зрабілі вельмі вялікі крок наперад да нашай агульнай перамогі. Я ўпэўнены, што хмары, якія вісяць над незалежнасцю нашай Беларусі, разыдуцца. Іх разгоніць вецер, а мы гэтаму ветру ўсе разам дапаможам", — падсумаваў Грыб.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 24 сакавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/491/42941
Текущая дата: 19.11.2024