Памятны камень у гонар заснавальнікаў нацыянальнага руху Беларусі мінулага стагоддзя братоў Антона і Івана Луцкевічаў адкрыты 13 сакавіка ў Купалаўскім скверы Мінска.
Гэта першае з серыі мерапрыемстваў па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пяць гадоў таму да ўладаў Беларусі з просьбай усталяваць памятны знак звярнулася жыхарка Санкт-Пецярбурга сваячка Луцкевічаў Маргарыта Пярова.
8 сакавіка гэтага года ў інтэрв`ю "Радыё Свабода" яна сказала, што стварэнне і ўстаноўка знака сталі магчымым дзякуючы агульным намаганням нашчадкаў Луцкевічаў, музея Янкі Купалы, Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", МЗС і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Фінансаваў праект Мінгарвыканкам.
У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі Маргарыта Пярова, акадэмік НАНБ Аляксандр Каваленя, прадстаўнікі дэмакратычных сіл.
У каментары адзін з удзельнікаў цырымоніі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі назваў гэтую падзею "перамогай беларускіх дэмакратычных сіл". "Гэта адзін з вынікаў падачы заяўкі на святкаванне 100-годдзя абвяшчэння 25 сакавіка Беларуская Народнай Рэспублікі, якая была ўхваленая Мінгарвыканкамам", — адзначыў палітык.
Паводле яго слоў, "архітэктары рабілі памятны камень у экстрэмальных умовах" у сувязі з кароткімі тэрмінамі прыняцця з боку ўладаў адпаведнага рашэння.
"Гэта знакавая падзея, вельмі доўга сваякі Луцкевічаў і культурныя і грамадскія дзеячы дамагаліся ўстанаўлення гэтага памятнага знака", — сказаў Рымашэўскі.
"Гэта знакавая падзея, вельмі доўга сваякі Луцкевічаў і культурныя і грамадскія дзеячы дамагаліся ўстанаўлення гэтага памятнага знака", — сказаў Рымашэўскі.
"Спадзяюся, што сённяшняя падзея стане першай кропляй у хвалі адраджэння, ушанавання памяці беларускай гісторыі з боку афіцыйных уладаў Беларусі і кансалідацыі нацыі незалежна ад палітычных поглядаў", — заявіў ён.
Усталяванне каменя стала першым з серыі мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР. Наступным будзе адкрыццё 15 сакавіка выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі. Кульмінацыяй стануць святочны канцэрт і мітынг ля опернага тэатра 25 сакавіка. Гэтыя мерапрыемствы санкцыянаваныя Мінгарвыканкамам.
Дзень Волі 25 сакавіка адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма. Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 13 сакавіка 2018
Мінск, 13 сакавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/493/42832
Текущая дата: 19.11.2024