1 сакавіка менскія ўлады далі дазвол усталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
2 сакавіка на краўдфандынг-пляцоўцы «Талака» неабходныя для вырабу новай дошкі 6000 рублёў сабралі трохі больш як за 3 гадзіны.
Калі пра дазвол стала вядома, выявіліся дзьве праблемы.
Па-першае, прататып дошкі аўтарства скульптара Алеся Шатэрніка выраблены 25 гадоў таму з сылюміну — сплаву алюмінію і крэмнію — і цяпер ня ў самым лепшым стане. Літары маюць розны памер, вершнік складаецца з трох частак і літаральна развальваецца.
Па-другое, улады не хацелі ўзгадняць надпіс на дошцы тарашкевіцай, тэкст мусіў адпавядаць афіцыйнаму правапісу.
Аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР прыняў рашэньне тэрмінова вырабіць бронзавую дошку. Адказным за збор сродкаў на краўдфандынгавай онлайн-пляцоўцы «Талака» стаў грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка, які мае вялікі досьвед такой дзейнасьці.
Патрэбную суму — 6000 рублёў — удалося сабраць трохі больш як за 3 гадзіны.
__________________________________________
Глеб Лабадзенка патлумачыў у Фэйсбуку асаблівасьці гэтай кампаніі:
1. Ці можна перарабіць цяперашнюю дошку?
Можна. Але ці ня будзе сорамна за яе перад нашчадкамі? Дошка знаходзіцца ў аварыйным стане і пры дэталёвым аглядзе выглядае непрывабна.
2. Чаму не адліць зноўку з сылюміну, каб ашчадзіць грошы?
Эканомія на матэрыяле складзе толькі каля 40%, а глядзецца яна будзе ў разы горш. Бронза — высакародны матэрыял. 100-годзьдзе БНР — дата, да якой трэба павесіць годную дошку.
3. Чаму павінны слухацца ўладу і выпраўляць тарашкевіцу на наркамаўку?
Не павінны, можам пачаць дыскутаваць і адкласьці справу яшчэ на 25 гадоў. Лепш, каб дошка была зь некалькімі выпраўленымі літарамі ці не зьявілася зусім?
4. Ці згодны Алесь Шатэрнік з праўкамі на дошцы і адліўкай яе з бронзы?
Так, гэта робіцца зь ягонай згоды. У 1993 годзе дошку адфармавалі і адлілі ня вельмі якасна, цяпер можна перарабіць яе больш годна. Паколькі спадар Алесь цяпер за мяжой, зрабіць копію дошкі ён упаўнаважыў скульптара Ігара Засімовіча.
5. Ці ня зьнікне з дошкі «Пагоня»?
Ня зьнікне. Гэтае пытаньне ўздымалася, і гаворка аб тым, каб прыбраць «Пагоню», нават не вядзецца.
6. Дзе будзе зьмешчаная гэтая дошка?
На будынку па цяперашняй вуліцы Валадарскага, 9 — менавіта там 25 сакавіка 1918 году была абвешчана БНР.
7. Чаму зьбіраецца менавіта такая сума?
Кіляграм бронзы з адліўкай каштуе ў сярэднім 25 даляраў. Так, дошка Рыгору Барадуліну, супастаўная памерам, важыла 114 кіляграмаў. Калі б мелі больш часу, адлілі б ва Ўкраіне, як помнік Касьцюшку. Але зрабіць гэта за тры тыдні немагчыма.
8. Калі зьявіцца дошка?
Цяпер стаіць мэта вырабіць і перадаць яе на мантаж да 20 сакавіка з умовай, што да 25-га яна будзе вісець на доме. Калі хочам, каб так і было, адзіны спосаб — сабраць сродкі і адліць годную бронзавую дошку!
Радыё Свабода, 2 сакавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/496/42685
Текущая дата: 19.11.2024