Белорусский портал в Казахстане

У Менску памаліліся за спачын выбітнага беларуса Барыса Кіта



4 лютага ў менскім Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы была адпраўлена паніхіда за спачын душы вядомага беларускага дзеяча міжваеннай пары і замежжа, выбітнага навукоўца Барыса Кіта.

Барыс Кіт памёр 1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Тамара Казевіч . Па яе словах, апошнія дні мужу было вельмі кепска, дапякалі моцныя болі. «Ён ужо не хацеў жыць», — сказала яна.

Разьвітацца і памаліцца за выбітнага беларуса сабраліся некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў інтэлігенцыі, было некалькі былых навучэнцаў Наваградзкай гімназіі, дзе Кіт у свой час працаваў настаўнікам матэматыкі.

Айцец Генадзь Буцько правёў службу на беларускай мове, сьпяваў хор брацтва ў гонар сьвятых Віленскіх пакутнікаў.

Барыса Кіта пахаваюць на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе ў другой палове 1980-х ён выкупіў участак. Дата пахаваньня пакуль невядомая, выконваюцца фармальнасьці.

Барыс Кіт — беларускі асьветнік, амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Нарадзіўся Барыс Кіт 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і беларуса. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917-га ягоны бацька перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліччыны. Барыс Кіт скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі, выкладаў матэматыку.

Перад вайной яго прызначылі акруговым інспэктарам Баранавіцкай школьнай акругі, пад ягоным кіраўніцтвам адчыніліся дзясяткі беларускіх школ у Баранавіцкім, Наваградзкім, Слонімскім, Валожынскім, Ваўкавыскім раёнах. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны.

Напярэдадні Міністэрства замежных справаў Беларусі выказала спачуваньні з нагоды сьмерці найстарэйшага беларуса сьвету і выбітнага навукоўца Барыса Кіта.

Валер Каліноўскі
Радыё Свабода, 4 лютага 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/501/42419
Текущая дата: 19.11.2024