Белорусский портал в Казахстане

Парэшткі Магдалены Радзівіл перанясуць у мінскі касцёл на Залатой Горцы



17 лютага ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) адбудзецца перазахаванне парэштак Магдалены Радзівіл.

Мецэнатка і культурны дзеяч Марыя Магдалена Радзівіл ў свой час аказвала фінансавую падтрымку выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», газеце «Беларус», шпіталям, сельскім крамам і г.д.

У 1917 годзе яна ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме — грошы былі перададзены айцам марыянам у Друі.

Дзякуючы яе намаганням былі адкрыты беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Мецэнатка плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбургу, падтрымлівала тамтэйшую беларускую бібліятэку.

«Яна лічыла сябе беларускай, яна марыла жыць у Мінску, таму гэта будзе вельмі сімвалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут [...]», — адзначаў Мацей Радзівіл два гады таму, калі з`явіліся першыя чуткі пра магчымае перапахаванне ў Беларусі.

17 лютага пахавальную цырымонію ў 10.00 узначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Як расказаў пробашч парафіі кс. Юрый Санько, урна з парэшткамі Магдалены Радзівіл будзе выстаўлена для развітання ў касцёле вечарам 16 лютага.

«Запрашаем усіх ахвотных прыйсці і памаліцца», — сказаў святар.

Паводле яго слоў, парэшткі будуць перазахаваныя ў левай частцы святыні. На тым месцы будзе ўсталявана памятная шыльда і барэльеф у гонар славутай мецэнаткі.

Пасля цырымоніі чакаюцца даклады пра асобу Магдалены Радзівіл і яе сувязь з Беларуссю.

На ўрачыстасць прыбудуць Мацей і Міхал Радзівілы, а таксама праўнучка Магдалены Радзівіл — Марылена Замойская.

Catholic.by, 6 лютага 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/501/42434
Текущая дата: 19.11.2024