Белорусский портал в Казахстане

Настаўніца беларускай мовы стала трэцяй на конкурсе "Місіс Свету"



У Ёханэсбургу Дар’я Рэут спаборнічала з 35 прыгажунямі з усяго свету і атрымала тытул другой віцэ-місіс.

Суўласніца брэнда My Muse Vintage і рэдактарка часопіса Famous Дар`я Рэут стала другой віцэ-місіс на конкурсе "Місіс Свету 2017", які днямі прайшоў у Ёханэсбургу (ПАР). Аб гэтым дзяўчына паведаміла на сваёй старонцы ў Instagram.

"Гэта быў насычаны, няпросты час, але такі цікавы і пазнавальны. Я атрымала велізарны досвед, знайшла новых сяброў, пабывала ў новай краіне. Я хачу сказаць усім і кожнаму вялікі дзякуй за падтрымку, я шчаслівая, што мяне атачаюць людзі, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу, людзі з добрымі сэрцамі і адкрытай душой", — падзялілася яна сваімі ўражаннямі з падпісчыкамі.

Дар`я па спецыяльнасці настаўніца беларускай і рускай мовы і літаратуры. У гэтым годзе на фестывалі Taste of Minsk яна рэалізавала праект інтэграцыі ў сацыяльнае асяроддзе сем`яў бежанцаў з Афганістана і Украіны сумесна з офісам UNHCR. Акрамя актыўнай грамадскай дзейнасці, прыгажуня займаецца спортам, любіць падарожнічаць і добра гатуе.

Удзельніцамі конкурса "Місіс Свету 2017" ў гэтым годзе былі 35 прыгажунь. Лепшай стала прадстаўніца Ганконга, а тытул першай віцэ-місіс атрымала ўдзельніца з Коста-Рыкі. Беларусь, па рашэнні журы, атрымала трэцяе месца.

Мінск, 17 снежня 2017
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/513/41684
Текущая дата: 18.11.2024