Белорусский портал в Казахстане

Міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання" збярэ вучоных з 24 краін



Аб гэтым паведаміла 6 верасня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы - начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Наталля Задзяркоўская.

Міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання", які 14-15 верасня пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, збярэ вучоных з 24 краін. Міжнародны кангрэс стане адным з маштабных мерапрыемстваў, якія пройдуць у дні святкавання 95-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

НББ традыцыйна арганізуе міжнародныя бібліятэчныя кангрэсы штогод, аднак у бягучым годзе ён асаблівы, адзначыла спецыяліст.

Удзел у форуме прымуць вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, дыпламаты, кіраўнікі навуковых, навучальных, культурных устаноў Беларусі і многіх замежных краін, вядомыя эксперты і спецыялісты з сусветным імем.

Як дадаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, галоўнай тэмай кангрэса стане размова кнігазнаўцаў, якія даследуюць еўрапейскую і нацыянальную кнігу, яе ўплыў на развіццё краін і цывілізацыі, аб тым, як захаваць гэту спадчыну, якім чынам зрабіць яе даступнай для ўсяго свету.

На думку Рамана Матульскага, вучоныя могуць нямала зрабіць для аб`яднання народаў, у першую чаргу еўрапейскіх, якія маюць агульную культурную прастору.

Кангрэс будзе працаваць на працягу двух дзён у НББ і Нясвіжскім замку. Міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання" пройдзе пад эгідай ЮНЕСКА. Яшчэ адна кульмінацыйная падзея юбілейных святкаванняў - міжнародны выставачны праект "Францыск Скарына і яго эпоха".

Адкрыццё адбудзецца таксама 14 верасня. Паводле слоў Наталлі Задзяркоўскай, "Францыск Скарына і яго эпоха" - самы маштабны выставачны праект гэтага года.

Ён унікальны тым, што ў экспазіцыі будуць прадстаўлены выданні Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў на фоне ранняга еўрапейскага кнігадрукавання - першых выданняў шэрага еўрапейскіх краін на нацыянальных мовах.

6 верасня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/526/40683
Текущая дата: 18.11.2024