Белорусский портал в Казахстане

Вярхоўны суд: Геніюш не падлягае рэабілітацыі за «злачынствы падчас Вялікай Айчыннай вайны»



Рэабілітацыі імя выбітнай літаратаркі і грамадзкай дзяячкі актывісты арганізацыі дамагаюцца даўно. Але на ўсе ініцыятывы і спробы ўшанаваньня яе памяці ўлады рэагуюць адмоўна.

Назваць у гонар Ларысы Геніюш вуліцу ў Менску ці на яе радзіме ў Зэльве ўлады лічаць немэтазгодным. Ушанаваць імя ў назьве бібліятэкі — неабгрунтаваным.

Раней актывісты сабралі і накіравалі ў Генпракуратуру больш за тысячу подпісаў за рэабілітацыю паэткі, на што быў дадзены адказ: «Геніюш Л.А. прызнана не падлягаючай рэабілітацыі».

Сёньня прыйшоў чарговы адказ, гэтым разам зь Вярхоўнага суду. Улады адмаўляюць у рэабілітацыі, спаслаўшыся на пастанову прэзыдыюму Вярхоўнага суду ад 24 лістапада 1999 году, згодна зь якой асоба Геніюш ня можа быць рэабілітаваная «за зьдзейсьненыя ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 66 і 76 КК БССР (у рэдакцыі 1928 году).

Артыкул 66 — гэта «Аказаньне дапамогі міжнароднай буржуазіі», а 76 — «Удзел у антысавецкіх арганізацыях».

«І гэта пры тым, — падкрэсьліваюць моладзевыя актывісты, — што „злачынствы“, за якія была пакараная Ларыса Антонаўна, ужо даўно перасталі лічыцца такімі ў Беларусі, а падобных артыкулаў і блізка няма ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь на сёньняшні дзень».

На перакананьне актыву «Моладзі БНФ», атрыманы адказ чарговым разам даводзіць абмежаванасьць поглядаў сёньняшніх уладаў, якія дагэтуль жывуць калясавецкімі перакананьнямі, а таксама відавочную непавагу да літаратурнай спадчыны беларускага народу.

Ларыса Геніюш прайшла складаны жыцьцёвы шлях, вытрымаўшы ўсе выпрабаваньні, якія падрыхтаваў ёй лёс і савецкія ўлады — ад рэпрэсій і ГУЛАГу да забароны на творчасьць.

«Таму мы можам быць упэўненымі, што рана ці позна яе імя будзе ўшанавана з годнасьцю, а яе вершы зноў загучаць на ўроках беларускай літаратуры, нягледзячы на ўсе надуманыя прысуды і так званыя «злачынствы», — падсумоўваюць сябры «Моладзі БНФ».

Да 1947 году Ларыса Геніюш жыла ў Празе, выконвала функцыі Генэральнага сакратара ўраду БНР, займаючыся ўпарадкаваньнем і захаваньнем архіву незалежнай рэспублікі.

У 1948 годзе яе разам з мужам перадалі савецкім уладам, якія абвінавачвалі яе ў «антысавецкай нацыяналістычнай дзейнасьці». Ларысу Геніюш асабіста дапытваў міністар Дзяржбясьпекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які намагаўся змусіць яе перадаць архівы БНР.

У лютым 1949 году разам з мужам паэтку асудзілі на 25 гадоў зьняволеньня ў савецкіх лягерах у Комі ды Мардовіі. У 1956 годзе пасьля частковай рэабілітацыі Ларыса Геніюш вярнулася на радзіму мужа ў Зэльву. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася да канца жыцьця грамадзянкай Чэхаславаччыны.

Радыё Свабода, 29 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/529/40545
Текущая дата: 18.11.2024