Дакумент быў прыняты Вярхоўным Саветам БССР 12-га склікання 27 ліпеня 1990 года на хвалі т.зв. парада суверэнітэтаў. Так называлася масавае прыняцце рэспублікамі СССР дэкларацый аб незалежнасці (у 1988—1990 гадах).
27 ліпеня, спаўняецца 27 гадоў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі
БССР у гэтым шэрагу апынулася дзясятай сярод 15 рэспублік Савецкага Саюза. Да гэтага суверэнітэт абвясцілі Эстонія (16 лістапада 1988 года), Літва (26 мая 1989 года), Латвія (28 ліпеня 1989 года), Азербайджан (23 верасня 1989 года), Грузія (26 мая 1990 года), Расія (12 чэрвеня 1990 года), Узбекістан (20 чэрвеня 1990 года), Малдова (23 чэрвеня 1990 года) і Украіна (16 ліпеня 1990 года).
25 жніўня 1991 года, праз тры дні пасля правалу путчу партыйнай наменклатуры і часткі ваенных у Маскве, ВС надаў дакументу статус канстытуцыйнага закона. 19 верасня таго ж года ў сувязі з перайменаваннем БССР у Рэспубліку Беларусь адпаведныя змены былі ўнесены ў назву і тэкст дэкларацыі. Была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня".
15 сакавіка 1994 года ў развіццё палажэнняў дэкларацыі была прынятая новая Канстытуцыя, у якой уводзілася пасада прэзідэнта. Па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 14 мая 1995 года, які быў ініцыяваны прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, руская мова атрымала статус другой дзяржаўнай, змяніліся таксама герб і сцяг.
У 1991—1996 гадах 27 ліпеня адзначалася як дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года Днём Незалежнасці стала лічыцца 3 ліпеня — дзень вызвалення Мінска ад гітлераўцаў.
У адпаведнасці з палажэннямі дэкларацыі, якая працягвае мець законную сілу, Беларусь з`яўляецца суверэннай дзяржавай, якая сцвердзілася на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад`емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу.
Рух салідарнасці "Разам" заявіў пра намер адзначыць сёння гадавіну дэкларацыі наведваннем магіл вядомых дзеячаў на Усходніх (Маскоўскіх) і Кальварыйскіх могілках у Мінску: Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Карпенкі, Ігара Герменчука, Георгія Таразевіча, Ніла Гілевіча і інш.
У акцыі прымуць удзел дэпутаты ВС 12-га склікання Алег Трусаў, Анатоль Лябедзька, Анатоль Вярцінскі і Лявон Баршчэўскі, а таксама прадстаўнікі культуры і мастацтва Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Аляксей Марачкін, Уладзімір Халіп, Валерый Мазынскі і інш.
У акцыі прымуць удзел дэпутаты ВС 12-га склікання Алег Трусаў, Анатоль Лябедзька, Анатоль Вярцінскі і Лявон Баршчэўскі, а таксама прадстаўнікі культуры і мастацтва Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Аляксей Марачкін, Уладзімір Халіп, Валерый Мазынскі і інш.
Сёння ж у судзе Цэнтральнага раёна будуць разгледжаны адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку фігурантаў справы "Белага легіёну" і супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2017", якая прайшла 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы Мінска. На думку прыхільнікаў апазіцыі, вучэнні нясуць пагрозу беларускаму суверэнітэту. Улады гэта адмаўляюць.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 27 ліпеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/534/40187
Текущая дата: 18.11.2024