Белорусский портал в Казахстане

Вядомы французскі габаіст саліраваў на канцэрце ў касцёле Святога Апостала Андрэя



Вядомы французскі габаіст Жэром Гішар саліраваў 30 ліпеня ў касцёле Святога Апостала Андрэя ў Нарачы на беларуска-французскім канцэрце, які быў прымеркаваны да 111-годдзя з дня нараджэння вядомага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча.

На мерапрыемстве гучала класічная музыка Шастаковіча, Моцарта, Марчэлы ў выкананні музыкантаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і французскага музыканта.

Напрыклад, на канцэрце для габоя і струнных саліраваў Жэром Гішар (лаўрэат міжнароднага конкурсу ў Токіа, прафесар Ліёнскай кансерваторыі, саліст Ліёнскага сімфанічнага аркестра), выступілі Таццяна Лявіцкая (першая скрыпка), Алена Жэгалік (другая скрыпка), Алена Сердзюкова (альт), Ілья Ганчарык (віяланчэль).

Сярод гледачоў было шмат мясцовых жыхароў, дзяцей, моладзі, гасцей, якія адпачываюць на Нарачы, а таксама тых, хто спецыяльна прыехаў на канцэрт з Віцебска, Гродна, Мінска. Былі прадстаўнікі Мядзельскага райвыканкама, пасольства Францыі ў Беларусі, Беларускага саюза жанчын.

У ліку гасцей прысутнічаў і народны артыст Беларусі, вядомы беларускі дырыжор Міхаіл Казінец.

Публіка горача вітала віртуознае выступленне артыстаў, якія цудоўна выканалі музыку вядомых кампазітараў. Акрамя таго, у гэты дзень адбылася сустрэча французскіх музыкантаў з прадстаўнікамі музычных школ раёна і вучнямі школ, у ходзе якой размова ішла аб магчымасці арганізацыі беларуска-французскіх мерапрыемстваў з прыцягненнем мясцовых музыкантаў.

Традыцыя правядзення ў Мядзельскім раёне канцэртаў, прысвечаных Дзмітрыю Шастаковічу, была закладзена ў мінулым годзе, калі ў касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Шэметава адбылося выступленне беларускіх музыкантаў, прысвечанае 110-годдзю з дня нараджэння кампазітара. Шэметава невыпадкова было выбрана для канцэрта да юбілейнай даты Дзмітрыя Шастаковіча (1906-1975): менавіта тут жыў яго прадзед Пётр Шастаковіч (1808-1871).

Беларуска-французскі музычны праект рэалізуецца на грамадскіх пачатках. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам мерапрыемства стаў француз беларускага паходжання, еўрапейскі оперны спявак, прэзідэнт французскай асацыяцыі "Абмен: Францыя-Беларусь" Аркадзь Валадось, які з`яўляецца вялікім паклоннікам творчасці Дзмітрыя Шастаковіча.

Наш суайчыннік некалькі гадоў працаваў над ініцыятывай арганізацыі такога праекта, калі даведаўся, што карані прадзеда знакамітага кампазітара XX стагоддзя - у Беларусі.

Заслугі Аркадзя Валадося ў распаўсюджванні беларускай культуры за мяжой высока ацэнены на дзяржаўным узроўні - ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Яго сын - таксама Аркадзь Валадось - адзін з самых знакамітых і віртуозных піяністаў свету. Прыклад гэтай музычнай сям`і, карані якой ідуць з Беларусі, паказвае, наколькі багата наша зямля на таленавітых людзей.

Суарганізатар праекта - аглядальнік аддзела БЕЛТА па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Беларусі, член праўлення Беларускага саюза жанчын, намеснік старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Аліна Грышкевіч.

Яна з самага пачатку ўзнікнення ідэі праекта садзейнічае яго ажыццяўленню. Ініцыятыва атрымала актыўную падтрымку з боку старшыні Мядзельскага райвыканкама, Міністэрства культуры, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а таксама касцёла Святога Апостала Андрэя. Гэты беларуска-французскі праект ажыццяўляецца пры інфармацыйнай падтрымцы БЕЛТА.

31 ліпеня 2017, Нарач
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/534/40227
Текущая дата: 18.11.2024