Урокі «Чытаем па-беларуску з Vеlсоm» ахапілі больш як 14 тысяч малодшых школьнікаў у чатырох рэгіёнах Беларусі.
Галоўная задача праекта, ініцыятарам якога выступіла названая кампанія, — развіць у юных беларусаў цікавасць да роднай мовы, літаратуры і культуры. Для гэтага была распрацавана спецыяльная інтэрактыўная праграма.
Апошнім рэгіёнам, дзе ў адыходзячым годзе прайшлі незвычайныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры, стала Гродзеншчына. Школы і гімназіі Ліды, Ваўкавыска, Смаргоні, Навагрудка і Слоніма прынялі ўдзел у адукацыйнай праграме ў лістападзе і снежні. У Гродне займальныя ўрокі сацыяльнага праекта прайшлі адразу ў дзевяці ўстановах адукацыі ў адзін дзень.
Спецыяльны ўрок, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, сабраў дзятву ў гродзенскім Новым замку. У ім узялі ўдзел вядомыя беларускія пісьменніцы Раіса Баравікова і Алена Масла, тэлевядучыя Юрый Жыгамонт і Аляксандр Улейчык, дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея-комплексу каралеўскіх палацаў Юрый Кітурка, загадчыца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Алена Рапінчук, а таксама больш за сто вучняў Гродзенскай гарадской гімназіі. Дзеячы культуры разам з малодшымі школьнікамі чыталі вершы паэта і гарталі старонкі яго біяграфіі.
Увогуле за год існавання праекта вучні 110 школ Мінска, Гродзенскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей сустрэліся з вядомымі пісьменнікамі, паэтамі, спартсменамі і тэлевядучымі. Падобныя ўрокі заўсёды атрымліваюцца яркімі і запамінальнымі.
Праект «Чытаем па-беларуску з Vеlсоm» рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Аўтар: Надзея Нікалаева
nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
Звязда, 22 снежня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/562/38104
Текущая дата: 17.11.2024