Белорусский портал в Казахстане

У Мінску створаная Асамблея народных прадстаўнікоў



У склад новай прадстаўнічай арганізацыі, устаноўчую канферэнцыю якой правяла 6 кастрычніка ў Мінску правацэнтрысцкая кааліцыя, увойдуць прыблізна 70 апазіцыйных экс-кандыдатаў у дэпутаты на выбарах 2016 года, а таксама абраная дэпутатам Ганна Канапацкая.

У правацэнтрысцкую кааліцыю, нагадаем, уваходзяць Аб`яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і рух "За Свабоду".

У заяве аб стварэнні асамблеі, прынятай дэлегатамі канферэнцыі, гаворыцца, што па віне ўладаў "Беларусь знаходзіцца ў зацяжным сацыяльна-эканамічным крызісе, а сэнс усіх пераўтварэнняў у сацыяльнай сферы зводзіцца да перакладанне адказнасці за вырашэнне ўсіх праблем на саміх грамадзян".

"Нягледзячы на абяцанні і запэўніванні ўладаў, народ Беларусі і сёння пазбаўлены права і магчымасці праз свабодныя, адкрытыя і дэмакратычныя выбары самастойна кіраваць краінай і абіраць дэпутатаў у мясцовыя органы выканаўчай улады, дэпутатаў парламента і прэзідэнта. Правячы рэжым не выканаў пераважную большасць рэкамендацый АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, і на практыцы выбары прайшлі паводле ўжо звыклага сцэнарыя фальсіфікацый народнага волевыяўлення, пры поўным кантролі з боку ўладнай вертыкалі і пры падтрымцы судоў, пракуратуры і органаў аховы правапарадку", — гаворыцца ў заяве.

Апазіцыянеры адзначаюць, што замест дыялогу з прадстаўнікамі ўсіх палітычных і грамадскіх сіл у краіне ва ўмовах крызісу "аўтарытарны рэжым працягвае палітыку эскалацыі агрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян, палітычных апанентаў і ўсіх незалежных ад улады структур грамадзянскай супольнасці".

Беларускі парламент прадстаўнікі асамблеі лічаць дэкаратыўным інстытутам, закліканым абслугоўваць вертыкаль улады. Удзельнікі канферэнцыі заявілі аб тым, што, на іх думку, у краіне няма свабоды прэсы, абмяжоўваюцца палітычныя правы, у тым ліку некалькі гадоў не можа атрымаць рэгістрацыю БХД, зведвае пераслед вальнадумства, ігнаруюцца правы грамадзян на мірныя сходы, зноў ёсць палітзняволеныя.

Абапіраючыся на звесткі незалежнага назірання на выбарах, члены асамблеі заявілі аб тым, што "ў Беларусі няма законна абранага легітымнага парламента", а "ўсе 110 дэпутатаў прызначаныя выканаўчай уладай".

"У такой сітуацыі Палата прадстаўнікоў не можа прадстаўляць народ Беларусі як ва ўнутранай, так і ў міжнароднай палітыцы. Мы дэкларуем наш цвёрды намер працягваць супрацоўніцтва ў межах правацэнтрысцкай кааліцыі ў далейшым", — сказана ў заяве.

Вызначаныя тры напрамкі дзейнасці асамблеі: інфармаванне грамадзян аб альтэрнатыўных праграмах сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі; правядзенне грамадскіх кампаній у падтрымку сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформаў; рэалізацыя патрабавання аб правядзенні свабодных выбараў ужо падчас наступнай выбарчай кампаніі — па абранні мясцовых саветаў.

Асамблея ствараецца "для аб`яднання і падтрымкі ўсіх рэгіянальных лідараў, чыя перамога ў выбарчай кампаніі 2016 года была выкрадзеная ўладамі ў выніку фальсіфікацый".

Згодна з прапановай сустаршыні аргкамітэта БХД Віталя Рымашэўскага дэлегаты канферэнцыі выступілі за адмену крымінальнага пераследу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і падтрымалі ініцыятыву "Маладога фронту" аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Прынятае таксама рашэнне аб стварэнні ў межах арганізацыі камісій, якія будуць займацца зборам прапаноў і распрацоўкай законапраектаў па такіх напрамках, як медыцына, адукацыя, культура, сельская гаспадарка, жыллёвая палітыка і ЖКГ, экалогія, мясцовае самакіраванне, пенсійная рэформа.

У склад прэзідыума асамблеі ўвайшлі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч.

У працы ўстаноўчай канферэнцыі арганізацыі акрамя правацэнтрыстаў узялі ўдзел прадстаўнікі Беларускай партыі "Зялёныя" і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Паводле слоў Лябедзькі, правацэнтрысцкая кааліцыя на наступным тыдні пачне перамовы з гэтымі структурамі аб сумеснай працы па пэўных напрамках.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 6 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/577/37169
Текущая дата: 16.11.2024