Белорусский портал в Казахстане

Дзесяцігоддзе адкрыцця новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 16 чэрвеня адзначаць квестам "Бібліядэсант"



Аб гэтым паведамілі ў НББ.

Стаць удзельнікамі квесту запрашаюць усіх жадаючых, каму больш за 16 гадоў: ім трэба будзе праявіць знаходлівасць і кемлівасць, каб заваяваць ключы да скарбніцы ведаў.

Тых, хто вырашыў праверыць сваю эрудыцыю, чакаюць у бібліятэцы 16 чэрвеня ў 16.00, калі стартуе гульня. Ім неабходна будзе за адведзены час адказаць на пытанні, якія датычацца жыцця Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Для пераможцаў падрыхтаваны сувеніры. Жадаючым паўдзельнічаць у квесце трэба папярэдне адправіць заяўку на электронны адрас бібліятэкі.

Да дзесяцігоддзя адкрыцця новага будынка НББ падрыхтавала мастацкую экспазіцыю "150 выставак у плакаце", якая прадставіць увазе гасцей каля 50 афіш да найбольш значных мастацкіх праектаў і амаль 100 афіш да арыгінальных кніжных выставак.

Акрамя таго, наведвальнікі бібліятэкі змогуць убачыць кніжна-дакументальную выстаўку "Выдавецкія праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. 2006-2016".

Цэнтрам экспазіцыі стануць праекты і ініцыятывы НББ па захаванні кніжнай спадчыны Беларусі.

Як адзначылі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, за 10 гадоў у новым будынку прайшло мноства маштабных праектаў, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў, больш за 200 мастацкіх і амаль 2 тыс. кніжных выставак.

14 чэрвеня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/603/35932
Текущая дата: 28.12.2024