Белорусский портал в Казахстане

Суботнік аб`ядноўвае беларусаў



На думку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Косінца, які працаваў на будаўніцтве музейнага квартала на базе Нацыянальнага мастацкага музея, красавіцкія суботнікі маюць вельмі важнае значэнне: перш за ўсё яны кансалідуюць нацыю.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што заробленыя на суботніку сродкі пойдуць на сацыяльныя мэты: на будаўніцтва Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, падтрыманне ў належным стане пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, падтрыманне рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў для дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезону.

Гэта адпавядае таму, што ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз назваў у ліку прыярытэтаў сацыяльную сферу.

Што датычыцца задач на гэтую пяцігодку, Аляксандр Косінец адзначыў, што ў цэнтры ўвагі дзяржавы былі і застаюцца забеспячэнне харчовай бяспекі, развіццё лёгкай прамысловасці, энергетыкі, транспарту і аховы здароўя.

На думку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта музейны квартал, на тэрыторыі якога ён прымаў удзел у суботніку, з`яўляецца знакавым аб`ектам, які павінен стаць сапраўдным культурным цэнтрам з развітой турыстычнай інфраструктурай. На яго будаўніцтва выдзелена больш за 850 млрд. рублёў. Гэтыя сродкі плануюць асвоіць да 2019 года.

Музейны квартал аб`яднае некалькі будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея на вуліцах Кірава, Леніна, Карла Маркса. Зараз тут праводзіцца рэканструкцыя. Будынкі будуць злучаныя галерэямі-пераходамі, плануецца таксама ўладкаваць дэпазітарый і майстэрні. Выставачная плошча Нацыянальнага мастацкага музея павінна павялічыцца на 3 тыс. 263 кв.м.

Звязда, 23 красавіка 2016
Kryzhevich@zviazda.by

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/606/35277
Текущая дата: 16.11.2024