Белорусский портал в Казахстане

Культурны пласт X-XII стагоддзяў знойдзены пры раскопках у гомельскім парку



Аб гэтым паведаміў намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце палацава-паркавага ансамбля Уладзімір Літвінаў.

Культурны пласт X-XII стагоддзяў, які змяшчае артэфакты, знойдзены пры раскопках на месцы старажытнага гарадзішча ў гомельскім парку.

Выяўленне культурнага пласта адбылося ў працэсе падрыхтоўкі траншэі фундамента пад новы паркавы атракцыён. Пасля гэтага будаўнічыя работы былі прыпынены і за справу ўзяліся археолагі.

"У гэтай частцы парку маштабных раскопак у наш час не праводзілася. Часцей за ўсё гэта былі асобныя шурфы, даследаванні, якія вяліся ў выпадку замены якіх-небудзь камунікацый або ў сувязі з работамі па добраўпарадкаванні", - адзначыў субяседнік.

Раскопкі будуць прадаўжацца некалькі дзён. Спецыялісты спадзяюцца, што яны прынясуць нямала цікавых знаходак. Пакуль ішла размова, быў, напрыклад, знойдзены буйны асколак керамічнага вырабу X стагоддзя. Хутчэй за ўсё, больш як тысячу гадоў таму гэта была частка глінянай ёмістасці, дыяметр горла якой складаў не менш як 50 см.

Сустракаюцца таксама іншыя невялікія фрагменты вырабаў з керамікі, шкла і металу. "Нават калі на гэты раз мы не знойдзем чагосьці сенсацыйнага, гэтыя раскопкі абавязкова дадуць магчымасць пашырыць інфармацыю аб старажытным горадзе, стварыць больш цэласную карціну яго развіцця, а таксама разумення таго, як жылі нашы продкі", - упэўнены Уладзімір Літвінаў.

У пачатку мінулага тысячагоддзя, згодна з атрыманымі данымі, Гомель быў адным з найбуйнейшых гарадоў Старажытнай Русі.

Плошча гарадзішча складала амаль 20 тыс. га. Тут пражывала да 5 тыс. чалавек, былі развіты рамёствы, актыўна вёўся гандаль.

Чаму менавіта X-XII стагоддзі пакінулі такую багатую спадчыну? Таму што ў першай палавіне XIII стагоддзя горад быў спустошаны ў час мангола-татарскага нашэсця. Яго тэрыторыя шматразова зменшылася, спатрэбілася некалькі стагоддзяў, каб узнавіць былую колькасць насельніцтва.

20 красавіка 2016, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/607/35239
Текущая дата: 16.11.2024