Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускай дыпмісіі ў Францыі.
У Парыжы 19—20 мая ў межах Дзён беларускай культуры ў Францыі адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя духоўнай спадчыне Беларусі: дзвюм беларускім хрысціянскім святыням — Жыровіцкай іконе Божай Маці і Будслаўскай іконы Божай Маці.
Мерапрыемства было арганізаванае Культурным цэнтрам Беларусі ў Францыі і пасольствам у Францыі/пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА пры садзейнічанні Інстытута культуры Беларусі Міністэрства культуры Беларусі.
У парыжскай кнігарні "Глобус" адбылася сустрэча, прысвечаная гісторыі абраза Будслаўскай Божай Маці і іконы Жыровіцкай Божай Маці. Яе ўдзельнікі распавялі пра тое, што абрад глыбокай пашаны іконы Будслаўскай Божай Маці — Будслаўскі фэст — намінаваны Беларуссю для ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
20 мая ў дзень з`яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы, які адзначаецца па ўсёй Беларусі, ў парыжскім праваслаўным кафедральным саборы Трох свяціцеляў адбыўся вечар, прысвечаны дзвюм галоўным беларускім хрысціянскім святыням.
Галоўную праваслаўную святыню Беларусі, Жыровіцкую ікону Божай Маці, прадставіў беларускі пісьменнік, член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Анатоль Бутэвіч. Ён падкрэсліў, што абедзве іконы шануюцца ў краіне і праваслаўнай, і каталіцкай канфесіямі.
Супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі Галіна Івуць прадставіла гасцям мерапрыемства галоўную каталіцкую святыню Беларусі — Будслаўскую ікону Божай Маці.
Пасол, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка, вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, адзначыў, што Беларусь гістарычна з`яўляецца краінай міжрэлігійнай і міжнацыянальнай згоды і ўзаемнай павагі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і канфесій.
Гасцям было зачытана прывітанне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Удзельнікам вечарыны таксама былі перададзеныя словы прывітання ад імя епіскапа Нестара, які ўзначальвае Карсунскую епархію Маскоўскага патрыярхату, якая ахоплівае тэрыторыі Францыі, Швейцарыі, Іспаніі і Партугаліі.
Праваслаўнаму кафедральнаму сабору Трох свяціцеляў перададзеныя ў дар іконы Жыровіцкай Божай Маці і Будслаўскай Божай Маці.
Пасля заканчэння мерапрыемства ў кафедральным саборы адбыўся ўрачысты малебен, прысвечаны дню шанавання Жыровіцкай іконы Божай Маці.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 22 мая 2016
Мінск, 22 мая 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/607/35607
Текущая дата: 27.12.2024