Паведамленне пра гэта паступіла ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад сакратарыята Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях.
Тры беларускія заказнікі ўключаны ў Сусветны спіс водна-балотных угоддзяў, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак.
Як паведамляе прэс-служба Мінпрыроды, міжнародны спіс папоўнілі заказнікі Свіслацкі-Бярэзінскі, Падвялікі мох і Галубіцкая пушча.
Пойменныя лугі ўздоўж рэк Ольса і Бярэзіна ў заказніку Свіслацка-Бярэзінскі з`яўляюцца важнымі прыпынкамі падчас міграцыі для кулікоў і качак, у тым ліку вялікай колькасці белакрылых балотных крачак і турухтанаў, адзначылі ў Мінпрыроды.
У заказніку Падвялікі мох можна сустрэць такіх рэдкіх птушак, як чорны бусел, малы арлец, змеялоў, шэры журавель, трохпальцы дзяцел, а таксама сакол-каршачок — вельмі рэдкі від, які гняздуецца на высакоствольных участках хвойніку, што прымыкаюць да высечак.
Галубіцкая пушча падтрымлівае існаванне дзевяці відаў раслін і 25 відаў пазваночных, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, і з`яўляецца месцам рассялення беркута і даўгахвостай няясыці.
Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак, была прынята ў лютым 1971 года ў Рамсары (Іран) і ўяўляе сабой міжурадавы дагавор, асноўнай місіяй якога з`яўляецца захаванне і разумнае выкарыстанне водна-балотных угоддзяў. Цяпер у Рамсарскім спісе знаходзяцца 26 беларускіх асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 7 мая 2016
Мінск, 7 мая 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/610/35429
Текущая дата: 26.12.2024