У велапарадзе, які адбыўся ў Мінску 30 красавіка, узялі ўдзел прыблізна 9 тыс. чалавек. Такія звесткі абвясцілі арганізатары пасля заезду.
Летась ў парадзе ўдзельнічалі прыкладна 3 тыс. веласіпедыстаў.
Велапарад па маршруце парк Перамогі — "Мінск-Арэна" — парк Перамогі стартаваў у 15.00. Удзельнікі, якімі маглі стаць усе ахвотныя, незалежна ад узросту і характарыстык веласіпеда, ехалі па праезнай частцы — падчас правядзення акцыі рух транспарту па праспекце Пераможцаў быў закрыты, калону замыкалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
У складзе VIP-калоны ехалі праслаўленая велагоншчыца, васьмікратная чэмпіёнка свету ў гонках на трэку Наталля Цылінская, чэмпіён свету па шашэйных велагонках Васіль Кірыенка і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. У акцыі таксама ўзяў удзел міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко.
Велакарнавал "Viva, ровар!" — другая такая акцыя. Яе арганізатарамі выступілі Мінгарвыканкам, веласіпедны клуб "Мінск", Мінскае веласіпеднае таварыства, а таксама Міністэрства спорту і турызму.
Напярэдадні ў цэнтры Мінска былі затрыманыя шэсць удзельнікаў велапрабегу "Крытычная маса". Двое з іх пасля разбору дастаўленыя ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 1 мая 2016
Мінск, 1 мая 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/611/35380
Текущая дата: 26.12.2024