Такое меркаванне выказала Лідзія Ярмошына, выступаючы 20 красавіка на семінары па пытаннях удзелу РГА "Белая Русь" у кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
"Нельга сказаць, што наша выбарчая сістэма ідэальная, у яе, як і ў іншых, ёсць недахопы", — адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама.
Яна не падтрымлівае пераход "на партыйныя спісы, як у Расіі і Украіне, калі галасуюць ўсляпую, за партыі, і ў выніку выбаршчыкі атрымліваюць ката ў мяху"."Трэба браць выбарчую сістэму Скандынаўскіх краін. Там не проста партыйны спіс, а ён адкрыты, празрысты. І выбаршчык у гэтым спісе сам вызначае, за каго з гэтага спіса прагаласуе", — заявіла кіраўнік ЦВК.
"Так, лічыць складана, але там і не лічаць уручную. Там усё скануецца і падлічваецца аўтаматычна", — дадала старшыня Цэнтрвыбаркама, паведаміўшы, што такім чынам ужо падлічваюць галасы ў Латвіі.
Старшыня Цэнтрвыбаркама прапаноўвае змяніць парадак накіравання ў акруговыя выбарчыя камісіі на парламенцкіх выбарах прадстаўнікоў з дарадчым голасам.
Цяпер гэта права дадзенае палітычным партыям, што Ярмошына лічыць не зусім справядлівым. "Мы будзем прапаноўваць адысці ад сённяшняй нормы, падаўшы права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій не палітычным партыям, а кожнаму кандыдату ў дэпутаты", — сказала яна.
"Калі ёсць кандыдат у дэпутаты, ён будзе мець права накіраваць у выбарчую камісію свайго прадстаўніка з правам дарадчага голасу. Пагадзіцеся, гэта будзе справядліва", — дадала кіраўнік ЦВК.
Пры гэтым Ярмошына адзначыла, што цяпер палітычныя партыі і так знаходзяцца "ў прывілеяваным становішчы, бо ім лягчэй за ўсё вылучыць кандыдата ў дэпутаты".
Адпаведныя змены ў выбарчае заканадаўства могуць быць унесеныя ўжо пасля парламенцкіх выбараў 2016 года, якія павінны адбыцца не пазней за 11 верасня.
Ярмошына таксама паведаміла, што на наступным тыдні на нарадзе ў прэзідэнта будуць абмяркоўвацца прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу, выпрацаваныя ЦВК на аснове рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.
Паводле яе слоў, часткова выпрацаваныя прапановы ўжо ўключаныя ў распрацаваныя Цэнтрвыбаркамам метадычныя дакументы. Кіраўнік ЦВК не стала канкрэтызаваць, якія менавіта прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу будуць выкарыстаныя падчас парламенцкіх выбараў 2016 года. "На гэты момант у прынцыпе не буду раскрываць гэта", — заявіла Ярмошына.
Нагадаем, 12 лютага па распараджэнні кіраўніка дзяржавы была створана міжведамасная экспертная група па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія былі дадзены пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. У яе ўвайшлі прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама, Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства інфармацыі.
Каментуючы вынікі працы групы ў сярэдзіне сакавіка, Ярмошына паведаміла пра "пяць-шэсць" прапаноў БДІПЧ, над якімі будзе весціся праца да парламенцкіх выбараў 2016 года. Паводле яе слоў, гэтыя прапановы тычацца перш за ўсё ўдасканалення парадку падліку галасоў, разгляду выбарчых спрэчак і стварэння выбарчых камісій.
У выніковай справаздачы назіральнай місіі БДІПЧ адзначаецца: "Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка 2015 года, зноў паказалі, што ў Беларусі наперадзе яшчэ значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах. Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформаў". Назіральнікі звярнулі ўвагу на некаторае паляпшэнне і "ветлівае стаўленне" ўладаў Беларусі да місіі, адзначылі, што выбарчая кампанія і непасрэдна дзень выбараў праходзілі мірна. Але "значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і падсумавання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў".
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 20 красавіка 2016
Мінск, 20 красавіка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-3/613/35243
Текущая дата: 26.12.2024